ПA АБСЕ накіруе ў Беларусь каля 80 назіральнікаў за выбарамі



На наступным тыдні Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе накіруе ў Беларусь каля 80 назіральнікаў за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, з якіх 60 з’яўляюцца парламентарыямі, паведамляе прэс-служба ПА АБСЕ.

Спецыяльным каардынатарам і кіраўніком кароткатэрміновай місіі назіральнікаў ад АБСЕ прызначаная віцэ-старшыня ПА АБСЕ шведскі парламентарый Маргарэта Седэрфельт. Раней яна ўзначальвала назіральныя місіі ПА АБСЕ на выбарах у Грузіі, Італіі, Таджыкістане і Турцыі, а таксама была спецкаардынатарам місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на выбарах у Чарнагорыі.

„АБСЕ рэгулярна назірае за выбарамі ў Беларусі з 1995 года, — цытуе Седэрфельт прэс-служба ПА АБСЕ. — Пасля правядзення назіральных місій мы рэгулярна выяўлялі пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць, і фармулявалі канкрэтныя рэкамендацыі па ўмацаванні выбарчай сістэмы ў краіне. Выбары, за якімі мы будзем назіраць цяпер, даюць Беларусі новую магчымасць выканаць папярэднія рэкамендацыі і прадэманстраваць прыхільнасць выкананню дэмакратычных абавязацельстваў АБСЕ”.

Кіраўніком місіі назіральнікаў непасрэдна ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ прызначаны Дзітмір Бушаці — былы міністр замежных спраў Албаніі, цяпер кіраўнік албанскай дэлегацыі ў ПА АБСЕ. „Мы з’яўляемся вялікай камандай назіральнікаў, якая моцная не толькі сваёй колькасцю, але і вопытам і кампетэнтнасцю. Нягледзячы на тое што мы прадстаўляем розныя краіны і выказваем розныя палітычныя пункты гледжання, мы адзіныя ў сваім імкненні даць гэтым выбарам комплексную і бесстароннюю ацэнку”, — заявіў ён.

Як адзначаецца, на парламенцкіх выбарах у Беларусі назіральнікі ад ПА АБСЕ будуць цесна супрацоўнічаць з калегамі з місій ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдуць 17 лістапада. Гэта дзясятая выбарчая кампанія, за якой будзе назіраць ПА АБСЕ.

belapan.by