Валянцін Стэфановіч: Гэта яшчэ не перамога, але добры знак



Cтаршыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пятро Міклашэвіч, агучваючы штогадовае пасланне прэзідэнту і абедзвюм палатам парламенту «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе», паведаміў, што яго ведамства лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах. Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч стрымана ўспрымае гэтую заяву і кажа, што лічыць яе перамогай беларускіх праваабаронцаў пакуль рана.

– Пакуль што не лічу, бо пакуль гэта толькі заява. Гэта не было аформлена ў якасці рашэння Канстытуцыйнага суда. Тым больш што гэта пакуль што не цягне за сабой нейкіх юрыдычных наступстваў у выглядзе зменаў у адпаведнае заканадаўства, дзе было б замацавана, што законы Беларусі прымаюцца на дзвух мовах. Хаця я, канешне, задаволены, што нарэшце спадар Міклашэвіч пра гэта сказаў.

Валянцін Стэфановіч пры гэтым адзначае, што год таму ўздымаў праблему двухмоўя ў беларускім заканадаўстве, але тады ніхто на гэта ўвагі не звярнуў.

«Цяпер жа Пётр Міклашэвіч узгадвае, што ў савецкія часы кодэксы складаліся з дзвюх частак. У першай нормы выкладаліся на беларускай мове, а ў другой — на рускай. Сапраўды, сітуацыя зараз горшая, чым у часы БССР», – падцвярджае праваабаронца.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя