Моладзь БХД спрабуе зарэгістраваць у Берасці культурна-асветніцкую ўстанову
Мець магчымасць на афіцыйных падставах працаваць з моладзю хочуць сябры партыі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі ў Берасці. Яны разам з берасцейскімі студэнтамі падалі дакуманты ў аддзел юстыцыі на рэгістрацыю культурна-асветніцкай установы. Прадстаўнік аргкамітэту па стварэнні партыі БХД на Берасцейшчыне Аляксандр Храпко падкрэсліў, што адна з галоўных мэтаў – гэта павышэнне моладзевай актыўнасці:
– Праца самой арганізацыі накіраваная на тое, каб палепшыць якімсьці чынам сітуацыю ў нашай краіне. У прыватнасці, сярод моладзі. Нашыя ўлады мала таго, што не ўдзельнічаюць у жыцці нашай моладзі, дык яны яшчэ замінаюць якому-кольвечы станоўчаму ўплыву на мысленне людзей.
Са словаў Аляксандра Храпко, прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі на розных падставах спрабавалі не браць дакуманты на рэгістрацыю ўстановы. „Даходзіла нават да таго, што на мяне хацелі ў гарадскім выканаўчым камітэце выклікаць міліцыю за тое, што я прыходжу па некалькі разоў рэгістраваць арганізацыю,” – дадаў актывіст.
Беларускае Радыё Рацыя