Вольга Дамаскіна: Акруговая камісія за ноч змяніла прычыну папярэджання



5 лістапада кандыдатцы ў дэпутаты парламенту Вользе Дамаскінай абвясцілі папярэджанне. Выбарчая камісія Наваполацкай выбарчай акругі №24 папярэдзіла кандыдатку за парушэнне патрабаванняў артыкула №47 Выбарчага кодэксу за выкарыстанне плакату “Далоў дыктатуру страху!” падчас агітацыйнага пікету 29-га кастрычніка.

У пісьмовым выглядзе дакумент адразу не аддалі, і кандыдатка змагла атрымаць яго толькі назаўтра, больш як праз 24 гадзіны. А прачытаўшы, не пазнала зместу, гаворыць Вольга Дамаскіна:

– У прысутнасці двух назіральнікаў ад АБСЕ і двух маіх давераных асобаў было сказана, што папярэджанне – паводле артыкула №47. Я яшчэ зачытвала яго ўголас, гэты 47-ты артыкул і пыталася: “Што ж тут парушана?”А калі прачытала пісьмовае рашэнне, гляджу – а там ужо 45-ты артыкул.

Перапытваць чальцоў камісіі, у каторы дзень яны памыліліся, Вольга Дамаскіна не стала: рашэнне датавана 5-м лістапада, і кандыдат мае ўсяго тры дні, каб яго абскардзіць. Больш за содні і так давялося змарнаваць на чаканне. Кандыдатка не лічыць сябе вінаватай у парушэнні ні 47-га, ні 45-га артыкула. Паводле апошняга, яе абвінавацілі ў парушэнні тэматычнай накіраванасці пікету 29-га кастрычніка: маўляў, ён быў прысвечаны не агітацыі, а праблеме палітвязняў у Беларусі. Вольга Дамаскіна не бачыць тут ніякай супярэчнасці:

– Ні ў адным артыкуле Выбарчага кодэксу не пазначана, якой мае быць агітацыя. Шмат выбаршчыкаў да мяне звярталіся менавіта па пытанні палітзняволеных – хацелі даведацца, як я стаўлюся да гэтага. Той пікет і быў тлумачэннем. І мне было важна, каб выбаршчыкі ведалі маю пазіцыю.

Кандыдатка падала скаргу ў абласную выбарчую камісію. І пераканана, што папярэджанне трэба адмяніць ужо таму, што акруговая камісія вусна абвясціла адно, а напісала іншае.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя