Нацбанк не выключае мэтавай інфляцыі ў наступнай пяцігодцы
Нацыянальны банк Беларусі не выключае ў наступнай пяцігодцы мэтавай інфляцыі на ўзроўні 4 працэнтаў, паведаміў 6 лістапада на брыфінгу старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур.
„Мы цалкам дапускаем, што на наступную пяцігодку ў якасці мэты па інфляцыі вызначым паказчык 4 працэнты”, – адзначыў Павел Калаур.
Паводле яго слоў, гэта пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца з урадам з улікам розных структурных праблем, у першую чаргу звязаных з ліквідацыяй перакрыжаванага субсідзіравання.
Старшыня праўлення Нацбанка звярнуў увагу, што пры ўстанаўленні мэты па інфляцыі на ўзроўні 4 працэнтаў могуць быць адхіленні ад запланаванага паказчыка, аднак сітуацыю будуць рэгуляваць з дапамогай розных інструментаў. „Калі раптам будуць разавыя шокі і яны прывядуць да адхілення ад паказчыка 4 працэнты – інфляцыя будзе ўмоўна 6 працэнтаў, то праз інструменты манетарнай і ў цэлым агульнаэканамічнай палітыкі Нацбанк і ўрад будуць вяртацца да мэтавага паказчыка, каб ён выконваўся”, – дадаў Павел Калаур.
Як паведамлялася, мэтавы арыенцір па інфляцыі ў 2019 і 2020 гадах – не вышэйшы за 5 працэнтаў.