Маргарэт Этвуд і бальшавікі



У Беларусі няма ні велікодных, ні калядных вакацый… Такую мясцовую “анамалію” можна зразумець: дай праваслаўным шмат выходных – пакрыўдзяцца каталікі, дай каталікам – праваслаўныя! Не кажучы ўжо пра іншыя канфесіі, што даволі мірна суіснуюць на гэтай зямлі… А дай усім вакацыі – зашмат будзе задаволеных! Непарадак!

Так ужо атрымалася, што вакацыі маем дзякуючы атэістам і колішняй дыктатуры пралетарыяту. Гадавіну “вялікага кастрычніка” зрабілі выходным днём, а пятніцу працоўную зрабілі непрацоўнай за кошт адной з будучых суботаў. Маем, што маем, – аж чатыры выходныя дні і чэргі на літоўскай мяжы. Беларусы розных веравызнанняў і атэісты рвуцца на закупы ў Вільню. І не толькі на закупы – час ад часу ўсім варта змяняць далягляды… Яшчэ год 30 таму ў нас была магчымасць пакаштаваць смачнай кавы на віленскім чыгуначным вакзале, але кудысьці далей паляцець з такога цяпер папулярнага віленскага аэрапорта – ужо не, не было такой опцыі: дыктатура пралетарыяту моцна трамала за горла аматараў самастойных падарожжаў па-за межы СССР. Ды і навошта куды далей? Ад дабра дабра не шукаюць, а ў дзяржаве саветаў было ўсё: і мора, і горы, і акіян… Ды ўвогуле, што за бздуры – нейкія самастойныя падарожжы немаведама куды?!

Шэрыя лістападаўскія дні і прастуда не спрыяюць паездкам, затое спрыяюць прагляду серыялаў. Маргарэт Этвуд… Да яе кніг рукі пакуль не дайшлі, затое ёсць нагода паглядзець серыял “Расповед прыслужніцы”, заснаваны на яе папулярным рамане. Расповед ідзе пра гіпатэчную аўтарытарную дзяржаву будучыню – Галаад. Такія сабе Штаты, дзе жанчыны не будуць мець права чытаць, пісаць, працаваць і валодаць уласнасцю. Толькі вязанне пруткамі і жыццё пры мужы, за мужам, толькі хард-кор. Што там адбываецца з людзьмі нетрадыйнай полавай арыентацыі і іншымі – не такімі, як усе – лепш не ўяўляць тым, у каго слабыя нервы і недахоп цынізму ў крыві. Тры сезоны – гэта вам не жартачкі! Тут патрэбен час і нагода… Як ні дзіўна, нагодай сталі не толькі вялікія выходныя, спалучаныя з бранхітам і тэмпературай, але і нашы падзеі літаратурнага характару… Хм, супала. Даляцела. Зачапіла. Маргарэт Этвуд – вядомая канадская пісьменніца, феміністка і экалагічная актывістка. Атрымала Букераўскую прэмію і шмат іншых – не менш важных – узнагародаў. Безумоўна, “Расповед прыслужніцы” – фантастыка, але, ўявіўшы на пару хвілін такі свет будучыні, цудоўна разумееш, што любая дыктатура, любы фундаменталізм – зло… А зло прымае любую афарбоўку.

І як здорава, калі можна спрачацца, быць сабой і чуць іншых. Прымаць іншых, прымаць сябе. Мець магчымасць быць рознымі – гэта здорава… Вы можаце не любіць кніг, не паліць цыгарэтаў і быць дамаседам, веганам або мясаедам, але не прымушайце іншых быць такімі ж… Савецкае кіно мае свае пярлінкі. І там ёсць цудоўны выраз: “Не вучыце мяне жыць, але дапамажыце матэрыяльна…” Праявіце трохі цеплыні і пачуцця гумару

Беларускае Радыё РАЦЫЯ