У Берасці фармуюць ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча



У Берасці працягваецца фармаванне ініцыятыўнай групы па вылучэнню кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча.

“Яе сябрам можа стаць любы грамадзянін Беларусі з актыўнай грамадскай пазіцыяй, што выступае за дэмакратычныя каштоўнасці ў краіне і гатовы падтрымоўваць і спрыяць вызваленню палітычных вязняў у Беларусі”, – распавёў адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы ў падтрымку Мікалая Статкевіча па Берасцейскай вобласці Уладзімір Вуек:

– Далучаюцца прадстаўнікі альянсу “Талака” і грамадзяне, якія лічаць, што гэта маральны абавязак – падтрымаць Мікалая Статкевіча і несці яго пазіцыю падчас прэзідэнцкай кампаніі. Мікалай Статкевіч быў падвергнуты рэпрэсіям за сваю пазіцыю, якая не супадала з пазіцыяй улады, якая несла рэжыму пагрозу і садзенічала вяртанню інстытуту выбараў. 

Запісацца ў ініцыятыўную групу па вылучэнню кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча можна па адрасе; Берасце, вуліца 17 верасня, дом 22-24, першы паверх рэдакцыі газеты ’’Брэсцкі кур’ер’’.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

* * *

27-га студзеня прайшла другая сустрэча актыву апазіцыйных партый і рухаў па стварэнні ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча.

Удзельнікі сустрэчы не знайшлі агульнай пазіцыі ў вылучэнні палітычнага вязня Статкевіча – адзіным кандыдатам на пасаду прэзідэнта на выбарах 2015 году – кажа ўдзельнік сустрэчы, лідар кампаніі “Гавары праўду” – Уладзімір Някляеў:

– Статкевіч вылучаецца як адзіны кандыдат усімі партыямі, рухамі. Дзеля гэтага праводзіцца Кангрэс, які абірае адзінага кандыдата. Але дастаткова не ўсе лідары апазіцыйных структур падзяляюць такую пазіцыю, і пакуль гэты варынт не атрымаў падтрымкі. 

Аб’яднаная грамадзянская партыя гатова падключыцца да падтрымкі ініцыятыўнай групы Статкевіча, але не гатова падтрымаць яго ў якасці адзінага кандыдата – кажа ўдзельнік сённяшняй сустрэчы – Віктар Карняенка:

– У нас ёсць кандыдат – Анатоль Лябедзька. І мы гатовыя ўдзельнічаць у працэдурах, у перамовах на карысць адзінага. Усё залежыць ад добрай волі партнераў. Але ніякай дзейнасці мы не робім пакуль фармуецца група падтрымкі Мікалая Статкевіча, а не Лябедзькі.

Адзначым, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 20-га лістапада гэтага году. Частка апазіцыі хоча вылучаць на выбары Мікалая Статкевіча, які яшчэ з часу выбараў 2010 году знаходзіцца за кратамі.

Другая частка лічыць гэта непрадуктыўным, бо чалавека, які знаходзіцца ў зняволенні, паводле заканадаўства, нельга вылучаць, нават ягоная ініцыятыўная група не будзе зарэгістраваная.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Палітыязень Мікалай Статкевіч можа абяднаць беларускую апазіцыю. Першая ў гэтым годзе сустрэча лідараў апазіцыі ў справе вылучэння адзінага кандыдата прайшла ў Менску. Дамоўленасць пакуль адна – ніхто з прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў і дэмакратычных арганізацыяў не пярэчыў супраць стварэння агульнай ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча, – кажа лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

– Фармаванне ініцыятыўнай групы Статкевіча – гэта частка агульнай выбарчай кампаніі, якая пачнецца не пасля адмашкі Ярмошынай, а фактычна мы яе ўжо пачалі. Гэтая ініцыятыўная група будзе стварацца цяпер. І галоўная задача – як раз агучыць тэму свабодных, сумленных выбараў і праблему палітычных вязняў, не чакаючы самой выбарчай кампаніі.

Чарговая сустрэча наконт ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча запланавана на бліжэйшы аўторак 27 студзеня. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 лістапада 2015 году.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя