Віктар Карняенка: Не час сядзець на канапе (абноўлена)



Па якіх правілах будуць дзейнічаць назіральнікі ў час будучай прэзідэнцкай кампаніі распавялі актыву Гародні госці з Менска. Гэта лідар грамадскага аб’яднання “За справядлівыя выбары”, якое так не дамаглося рэгістрацыі праз беларускую юстыцыю – Віктар Карняенка, ды кіраўнік партыі “Справядлівы Свет” Сяргей Калякін.

На думку аднаго з удзельнікаў сустрэчы Паўла Станеўскага, нават на тле фальсіфікацыяў выбараў важна фіксаваць парушэнні закону:

– Праблема ў тым, што ёсць у Беларусі людзі, якія лічаць, што выбары ў нас праходзяць сумленна і празрыста. Хоць, насамрэч, гэта не так. Кампанія “За справядлівыя выбары”, дзе я з’яўляюся каардынатарам па Гарадзенскай вобласці, выразна дае зразумець, што ёсць парушэнні, прыпіскі, укідванне бюлетэняў, змова тых людзей, якія адказваюць за участкі. Гэта ўсё намі задакументавана.

Пытанне сустрэчы: ці здолеюць актывісты мабілізаваць назіральнікаў на участкі для галасавання? Гэтае пытанне наўпрост звязана з тым, ці будзе альтэрнатыва нязьменнаму начальніку Беларусі. Госці актыўна абменьваліся меркаваннямі з гарадзенцамі. Падобныя сустрэчы прайшлі ўжо ў Магілёве, Гомелі, Берасці.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

Сустрэча дэмакратычнага актыву з лідарамі незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «За справядлівыя выбары» і альянсу «Талака» прайшла ў Берасці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля чатырох дзясяткаў рэгіянальных актывістаў, а таксама сустаршыня аб’яднання «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка і старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Віктар Карняенка адзначыў, што адная з мэтаў кампаніі – гэта прыцягнуць да назірання за выбарамі як мага большую колькасць шэраговых грамадзян:

– Самае галоўнае – людзі разумеюць сэнс той справы, якую яны рабілі да гэтага часу. Яны ведаюць, што толькі такім чынам можна змяніць сітуацыю, і што сядзенне на канапе і чаканне, што нешта зменіцца, – гэта не іх шлях. У нас не было за мэту зрабіць мерапрыемства масавым, мы хацелі сабраць людзей, якія маюць уплыў на сваіх калег, на сваіх аднадумцаў. Мы спадзяемся, што такі мультыплікацыйны эфект ад гэтай сустрэчы будзе працягвацца і надалей.

Са словаў палітыка, кампанія па назіранні будзе складацца з некалькіх этапаў. Першы – гэта аналіз палітычнай сітуацыі і мабілізацыя актыву. Другі – назіранне на ўсіх этапах выбараў, пачынаючы ад фарміравання камісій і вылучэння прадстаўнікоў у камісіі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота nv-online.info