Александрыйская царква прызнала Праваслаўную царкву Украіны
Прадстаяцель Александрыйскай праваслаўнай царквы патрыярх Феадор II абвесціў пра прызнанне незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ).
Пра гэта ён заявіў 8 лістапада ў Каіры. Ён ужо памянуў прадстаяцеля ПЦУ мітрапаліта Епіфанія падчас літургіі.
Александрыйская царква — трэцяя з 14 агульнапрызнаных праваслаўных цэркваў, якія прызналі незалежнасць ўкраінскай царквы. Раней гэта зрабілі Канстанцінопальская праваслаўная царква (у студзені 2019 года) і Грэцкая (Эладская) праваслаўная царква (у кастрычніку 2019 года).
Важна, што Александрыйская праваслаўная царква займае другое месца ў дыптыху праваслаўных цэркваў, прычым і па спісе Канстанцінопалю (КПЦ) і па спісе Масквы (РПЦ).
РПЦ вельмі хутка адрэагавала на такое прызнанне. З гэтага часу РПЦ спыніць узгадванне ў дыптыхах Феадора ІІ. Пра гэта расейскаму рэсурсу „Интерфаксу” 8 лістапада паведаміў намеснік сінадальнага аддзелу знешніх царкоўных сувязяў РПЦ Мікалай Балашоў.
Напомнім, што ў пачатку снежня 2018 года аб’яднаўчы памесны сабор у Кіеве прыняў рашэнне пра стварэнне адзінай ПЦУ і абраў мітрапаліта Епіфанія яе кіраўніком. Усяленскі патрыярх Варфаламей 5 студзеня 2019 года падпісаў томас аб прадастаўленні ПЦУ аўтакефаліі, а на наступны дзень перадаў яго Епіфанію. У канцы траўня 2019 года Епіфаній прызнаў несапраўднымі ўсе дакументы Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата (УАЦ КП), выданыя пасля 30 студзеня. Варфаламей заявіў, што не прызнае УПЦ КП. Ва Украіне таксама дзеіць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП), якая не прызнала рашэнне аб’яднаўчага памеснага сабору і лічыць сам сабор некананічным.
Беларускае Радыё Рацыя