Генадзь Фядыніч: Ідэя не горшая, але і не новая
Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч ацаніў ініцыятыву айчынных блогераў.
Нагадаем, што айчынныя блогеры запрасілі беларусаў сустрэцца 8 лістапада на плошчы Свабоды ў Менску, падчас сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты з выбарцамі, каб абмеркаваць, што рабіць далей і куды павінна рухацца краіна, зазначае тэлеграм-канал «NEXTA».
Генадзь Фядыніч: Наколькі вядома, сам блогер НЕХТА, які падаў такую ініцыятыву, знаходзіцца за мяжой і ўдзельнічаць у акцыі не збіраецца. Магчыма, ён разлічвае, што адгукнецца моладзь, але што далей? Прыйдуць людзі на пікет кандыдатаў, і якія далейшыя дзеянні? Будзе ісці нейкае дыстанцыйнае абмеркаванне?
Калі сур’ёзна арганізоўваць акцыю, то найперш трэба знаходзіцца ў Беларусі, на месцы падзей. Асноўная праца павінна рабіцца ў Беларусі і беларусамі, якія тут жывуць. Вось што трэба зразумець.
РР: Але як вам ідэя выкарыстоўваць пікеты кандыдатаў для сустрэч і абмеркавання нейкіх надзённых праблем?
Генадзь Фядыніч: Ідэя не самая горшая, але яна і не новая. У нас жа ў людзей няма абсалютна ніякага права на мірныя сходы, таму многія і вырашылі выкарыстаць час парламенцкай кампаніі для таго, каб праводзіць легальныя пікеты і даводзіць да людзей тое, што ў звычайны час забаронена рабіць.
Пабачым, што дасць такая ініцыятыва, і ці гатовы сёння людзі адгукацца на заклікі блогераў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя