Сяржук Русецкі: Якая людзям карысць ад дэпутатаў, прызначаных уладай?
З 12 лістапада пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах у Палату Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Але амаль ніякай перадвыбарчай барацьбы ў Бярозаўскім раёне няма. Хіба што раённая газета “Маяк” вяла выпусціла некалькі залпаў бруду па апазіцыйным кандыдаце Таццяне Тарасевіч і некалькі хвалебных артыкулаў на вызначанага ўладай кандыдата. Людзі абсалютна абыякавыя да таго, каго чарговы раз прызначыць улада ў дэпутацкае крэсла.
Хаця насамрэч фармуецца заканадаўчы орган, ад імя якога будуць з’яўляцца чарговыя законы, кажа доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за справядлівыя выбары”, сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:
– Паколькі самі выбары выконваюць дэкаратыўную функцыю, адпаведна і самая Палата прадстаўнікоў выконвае функцыі як бы парламента, які ў рэальнасці не распрацоўвае законы, а ў асноўным галасуе за тое, што прапануюць з Адміністрацыі прэзідэнта. Як правіла гэтыя людзі заранёў ведаюць, што яны будуць дэпутатамі, і галасуюць за тых, дзякуючы каму сталі дэпутатамі, думаючы пра сваю будучую кар’еру.
Паводле Сяржука Русецкага, дэпрэсіўны і абыякавы стан беларускіх выбаршчыкаў абумоўліваецца тым, што насамрэч выбараў няма, як і няма карысці для людзей ад дэпутатаў, прызначаных уладай.
Беларускае Радыё Рацыя