У Берасці “пяклі ката”
Імпрэза з шэрагу мерапрыемстваў нефармальнага адпачынку і завяршэння цыклу калядных мерапрыемстваў прайшла ў берасцейскім грамадска-культурным цэнтры “Грунтоўня”. У Вілейскім рэгіёне захавалася апісанне адной мясцовай традыцыйнай гульні – „Пячы ката”. Яна прэтэндуе на ўключэнне ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.
“Такія традыцыі варта аднаўляць, яны вельмі цікавыя і ўнікальныя”, – распавёў адзін з арганізатараў сустрэчы Віктар Клімус:
– Насамрэч, гэтая гульня ладзілася дзеля забавы, дзеля смеху. Катоў не елі. Магчыма, гэта дадавала нейкага гумару. Ката выпякалі з хлеба і ў час гульні спрабавалі адарваць ад яго па кавалачку ці сарваць цалкам з жэрдзіны.
Па правілах гульні фігуру ката рыхтавалі наступным чынам: галаву і тулава – з цеста, вушы і ногі – з сала, а хвост – з каўбасы. Выпякаюць і вешаюць сярод пакоя пад столлю. Затым кожны па чарзе “пад’язджае” на вілках да “ката”, каб зубамі адкусіць ад яго кавалачак, а калі атрымаецца, то і ўсяго адарваць.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота Аляксея Сталярова