Другі дзень галадоўкі Юры Рубцова (абноўлена)



Грамадскі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, які адбывае пакаранне абмежаваннем свабоды ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну за абразу менскага суддзі, абвясціў бестэрміновую галадоўку. Юры Рубцоў вылучыў два патрабаванні – гарантаваць яму заробак на хіміі ў памеры 600 даляраў у эквіваленце і прадаставіць апазіцыі час у тэле- і радыёвяшчанні. На думку старшыні кампаніі “Гавары Праўду” Уладзіміра Някляева, патрабаванні Юрыя Рубцова хучэй за ўсё улады не задаволяць.

– Як паказвае досвед, ніводная практычна патрабаванне з боку дэмакратычнай грамадскасці Беларусі, у якім бы выглядзе яно не падавалася – у выглядзе прапановы, ці ў выглядзе патрабавання, ці ў выглядзе галадавання – не бралася сённяшнім рэжымам пад увагу. Так што ў мяне нямашака падстаў меркаваць, што возмецца пад увагу і гэтае патрабаванне.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі камітэт заявілі, што абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязня.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Другі дзень галадае палітвязень Юры Рубцоў, які адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ў папраўчай калоніі ў Купліне Берасцейскай вобласці.  Абвяшчаючы галадоўку, Юры Рубцоў паведаміў, што яна бестэрміновая і спыніць яе толькі ў выпадку, калі ў калоніі атрымае працу з сярэднім заробкам па краіне, а таксама калі апазіцыя атрымае эфірны час ў дзяржаўных СМІ.

–  Учора ўвечары запрасілі да начальніка атрада, прапанавалі працу. Але я адмовіўся з прычыны нізкай зарплаты. Яны ў звязку з гэтым склалі дакумент, дзе напісалі, што я адмовіўся ад працы. Я працягваю галадоўку. І тут ўжо большае значэнне мае не заробак, а эфір для ўсіх палітычных сіл. Штодзённы, аднагадзінны. Гэта самае асноўнае патрабаванне, якое павінна быць выканана.

Юры Рубцоў заяўляе, што гатовы ахвяраваць жыццём, калі яго патрабаванні не будуць выкананыя. У кастрычніку мінулага года пакаралі Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за знявагу суддзі Кірыла Палулеха, які судзіў актывіста пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях – 2014». Рубцоў быў на шэсці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты пры затрыманні  актывіста  забралі ў яго майку і прывезлі ў суд у адных штанах.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Грамадскі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, які адбывае пакаранне абмежаваннем свабоды ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна за абразу менскага суддзі, абвясціў 22 cтудзеня бестэрміновую галадоўку. Рубцоў заяўляе, што адначасна з галадоўкай вылучае 2 патрабаванні – эканамічнага і палітычнага характару:

–  Палітычнае патрабаванне заключаецца ў тым, каб усім апазіцыйным сілам Беларусі быў прадстаўлены час у эфіры беларускага тэлебачання, што прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Другое патрабаванне – эканамічнае: я патрабую годнай аплаты працы. Зарплата павінна быць не меншай за 600 даляраў у эквіваленце, бо ў турэмных пасяленнях людзей прымушаюць працаваць за капейкі.

Юры Рубцоў заяўляе, што будзе галадаць да таго часу, пакуль яго патрабаванні не будуць выпаўненыя.

 Гэта азначае, што я або паміраю, або мяне вызваляюць да маёй смерці. Або галадоўка будзе прыпынена пасля таго, як будуць выпаўнены патрабаванні. Я маю права сам вырашаць, што рабіць з маім жыццём. Гэта маё жыццё. І таму я абіраю менавіта такі спосаб змагання.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі камітэт заявілі, што абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязня.

* * *

На думку праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, патрабаванні Рубцова нерэальныя і могуць прывесці да больш жорсткага пакарання палітвязня.

– Наступствы могуць быць вельмі сур’ёзныя. Фармальна кажучы, гэта можна трактаваць як ухіленне ад адбыцца пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Таму што прыцягненне да працы – гэта ёсць абавязковая ўмова адбыцця такога віда пакарання, і гэта можа пагражаць узбуджэннем яшчэ адной крымінальнай справы. Мы са свайго боку, канешне, будзем спрабаваць адгаворваць спадара Рубцова ад гэтых неабачлівых крокаў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя