У Менску працягваецца фестываль на псіхіятрычную тэматыку «Галасы»



 10 лістапада фестывальнае мерапрыемства прайшло ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і мела артыстычна-музычную скіраванасць. Так, рэжысёр Фёдар Кавалёў правёў акцёрскі трэнінг на разняволенне, збліжэнне і ўзаемадзеянне.

Музыкантка Каця Пытлева разам з гітарыстам Мікалаем Ралаўцом выканалі ў акустычным фармаце песні вядомай савецкай рок-спявачкі Янкі Дзягілевай, якая пакутавала на дэпрэсію і магчыма памерла праз суіцыд.

Псіхатэрапеўт Юлія Шабанава выступіла з песнямі ўласнага сачынення. Таксама праз вершы ўспомнілі і тых, хто сышоў з жыцця з-за псіхічнага захворвання.

Такі музычна-паэтычны фармат чарговага дня фестывалю быў абраны нездарма, кажа арганізатарка фестывалю Кацярына Гузоўская-Гара:

– Тут мэта была ўжо такая, каб менавіта паказаць людзям вось гэты навакольны свет, у якім існуе і мастацтва, і творчасць, і што можна ў гэтым усім удзельнічаць таксама нароўні з узаемадзеяннем са спецыялістамі, калі нейкія праблемы з псіхічным здароўем узнікаюць.

(Не) псіхіятрычны фестываль «Галасы» працягнецца ў лістападзе. Бліжэйшае мерапрыемства запланавана на 17-га лістапада і будзе прысвечана тэме дэпрэсіі. Падрабязнасці можна знайсці на адмысловай старонцы на „Фэйсбук”.

Беларускае Радыё Рацыя