Старшыня ЦВК Балівіі пераапранулася мужчынам і хацела ўцячы з краіны



Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Балівіі Марыя Эўхенсія Чоке і яе намеснік Антоніё Костас былі арыштаваныя за махлярства падчас прэзідэнцкіх выбараў 20 кастрычніка.

Абодва спрабавалі ўцячы з Ла-Пасу, пры гэтым старшыня ЦВК была апранутая як мужчына, спрабуючы схавацца ад паліцыі.

Акрамя іх, па падазрэнні ў фальсіфікацыі і іншых злачынствах на выбарах былі затрыманыя яшчэ 36 іншых службовых асоб выбарчага органа, – піша Washington Post. Напярэдадні прэзідэнт Балівіі Эва Маралес абвясціў пра сваю адстаўку.

Прыгадаем, што пасля перамогі Маралеса на чарговых выбарах 20 кастрычніка ў Балівіі пачаліся масавыя пратэсты апазіцыі, якая не прызнала яго перамогу, заявіўшы пра фальсіфікацыі. Пасля пачатку пратэстаў, якія перараслі ў сутыкненні з паліцыяй, Маралес абвясціў рэжым надзвычайнага становішча, але войска адмовілася ўдзельнічаць у задушэнні пратэстаў.

Беларускае Радыё Рацыя