Плануюць павялічыць плату за ўтылізацыю адкідаў



У Беларусі плануецца павялічыць плату за ўтылізацыю палімерных адкідаў. Такая прапанова ўтрымліваецца ў вынесеным на грамадскае абмеркаванне праекце пастановы Савета міністраў.

Свае заўвагі і прапановы па праекце пастановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на „Прававым форуме Беларусі” ці накіраваць з 11 па 21 лістапада ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якое з’яўляецца арганізатарам грамадскага абмеркавання.

„Праектам пастановы прадугледжана змяненне (павелічэнне) памераў платы, што ўносiцца вытворцамі і пастаўшчыкамі на бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак дзяржаўнай установы „Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” за арганізацыю збору, абясшкоджвання і (або) выкарыстання адкідаў тавараў і адкідаў упакоўкі, у дачыненні да палімернай упакоўкі”, — гаворыцца ў абгрунтаванні праекта дакумента, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

На думку распрацоўшчыкаў, плата за арганізацыю збору, абясшкоджвання і (або) выкарыстання адкідаў тавараў і адкідаў упакоўкі выкарыстоўваецца ў якасці эканамічнага механізму стымулявання скарачэння неабгрунтаванага (звыш неабходнасці) спажывання ўпакоўкі і тавараў, а таксама стымулявання спажывання экалагічных тавараў. Павелічэнне памеру платы ў дачыненні да палімернай упакоўкі і посуду з пластмас накіравана на паэтапнае зніжэнне выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі і яе замяшчэнне экалагічна бяспечнай упакоўкай са шкла, паперы або біяраскладальнай, плата на якія не павялічваецца. „Акрамя таго, павышэнне памераў платы дазволіць стымуляваць прымяненне ўласнай сістэмы збору і перапрацоўкі адкідаў вытворцамі і пастаўшчыкамі, якая з’яўляецца альтэрнатыўным плаце спосабам выканання абавязкаў, што будзе садзейнічаць павелічэнню аб’ёмаў выкарыстання палімерных адкідаў у якасці другаснай сыравіны і скарачаць іх захаванне”, — гаворыцца ў абгрунтаванні.

У апошнія некалькі дзесяцігоддзяў у Беларусі, як і ў іншых краінах, адбыўся значны рост аб’ёмаў спажывання тавараў і, як следства, вырас аб’ём утварэння адкідаў. За апошнія пятнаццаць гадоў у рэспубліцы падвоіўся гадавы аб’ём утварэння камунальных адкідаў (у 2002 годзе — 10 млн кубаметраў, у 2018 годзе — 22 млн). Паводле наяўных ацэнак, каля 30% палігонаў для захавання камунальных адкідаў запоўненыя на 90% і больш і фактычна вычарпалі свой рэсурс.

Як адзначаецца ў абгрунтаванні, стратэгічная мэта дзяржаўнай палітыкі ў сферы абыходжання з адкідамі заключаецца ў зніжэнні аб’ёмаў утварэння адкідаў і максімальным уцягванні адходаў (не менш за 40%) у гаспадарчы абарот у якасці другаснай сыравіны. „Дасягненне названай мэты магчымае пры ўмове пераходу да рэсурсазберагальнага (беражлівага) спажывання тавараў і адказнага абыходжання з адкідамі тавараў і ўпакоўкі, а таксама пераходу да новых адказных форм вядзення бізнесу, калі праца ў інтарэсах прадпрыемства будзе дапаўняцца вырашэннем сацыяльна-экалагічных праблем. Акрамя росту аб’ёмаў утварэння адкідаў праблемай з’яўляецца змяненне іх складу”, — падкрэсліваецца ў абгрунтаванні.

На думку распрацоўшчыкаў праекта, павелічэнне памеру платы за палімерную ўпакоўку і посуд дазволіць адначасова стымуляваць пераход вытворцаў і пастаўшчыкоў на выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі са шкла або паперы для тавараў і шматразовага посуду (скарачэнне ўтварэння адходаў, якія складана перапрацоўваюцца), а таксама павелічэнне аб’ёмаў збору і перапрацоўкі палімерных адкідаў за кошт прымянення ўласнай сістэмы збору адходаў вытворцамі і пастаўшчыкамі.

Сродкі, якія паступаюць ад вытворцаў і пастаўшчыкоў, накіроўваюцца на падтрымку арганізацый, што ажыццяўляюць збор і перадачу на перапрацоўку адкідаў, і стварэнне новых вытворчасцяў па перапрацоўцы адкідаў, што скарачае аб’ёмы іх захавання, а таксама на правядзенне навуковых даследаванняў у галіне перапрацоўкі адкідаў і прапаганду сярод насельніцтва прынцыпаў зялёнага спажывання і правільнага абыходжання з адкідамі.

БелаПАН