Рыгор Кастусёў: Наўрад ці будзе карысць ад паездкі Лукашэнкі ў Аўстрыю
Аляксандр Лукашэнка паляцеў у Вену. Там запланаваны шэраг сустрэчаў на афіцыйным узроўні. Беларускія афіцыйныя СМІ паведамляюць, што Аляксандра Лукашэнку ў аўстрыйскай сталіцы чакаюць з адкрытым сэрцам, у той час як аўстрыйкі бок, паведамляе, што гаворка абавязкова пойдзе і аб правах чалавека, якія парушаюцца ў Беларусі.
У Еўропе тэма правоў чалавека гучыць рэгулярна, але больш ўжо фармальна, – заўважае старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
– Пагаварыць можна пра ўсё, што хочаш, пра што заўгодна, але якія будуць вынікі з гэтай размовы. Можна ўжо сказаць зараз, што вынікаў станоўчых ніякіх з гэтых размоваў не будзе. Бо, на жаль, еўрапейская супольнасць не да канца разумее сітуацыю, тое, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі, або можа не зусім да канца хоча разумець. У значнай ступені еўрапейскія лідары пачалі ісці на саступкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У чарговы раз мы атрымаем такі самы вынік, як і раней.
Кіраўнік Беларусі ўпершыню з 2016 году наведвае краіну Еўрапейскага звязу. Візавыя санкцыі Еўразвязу з Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння знятыя ў 2016 годзе, аднак з тых часоў ён не скарыстаўся магчымасцю рабочых паездак і афіцыйных візітаў, нягледзячы на запрашэнні. Ці гэты візіт нейкім чынам пераломны ў стасунках з Еўразвязам? Малаверагодна, – працягвае старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
– Я хацеў бы, каб стасункі Беларусі і Еўрапейскага звязу паляпшаліся. Але, на жаль, вось гэтая паездка ў Аўстрыю, у такім вузкім фармаце, яна прынясе пакуль што малую карысць, бо, на жаль, Лукашэнка ранейшыя свае паездкі па запрашэнню еўрапейскіх лідараў ігнараваў. Зараз паездка ў Аўстрыю ніякай карысці Беларусі не прынясе.
Паралельна з афіцыйнымі сустрэчамі на палітычным узроўні ў Вене пройдзе аўстрыйска-беларускі бізнес-форум. Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА са спасылкай на Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Аўстрыі Алену Купчыну паведамляе, што ў рамках гэтага форуму плануецца падпісаць пагадненні на 250 млн еўра.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя