Пра ралявыя гульні БРСМаўцаў



На старт, увага, руш! Стартавала датэрміновае галасаванне. А гэта азначае што? Што студэнтам цяпер будуць капаць на мазгі, пакуль тыя не прагаласуюць датэрмінова. І не проста капаць. Некаторых нават павядуць цэнтралізавана на выбарчыя ўчасткі. Як тых кароў на мясакамбінат ці на вадапой. А студэнты на гэта скажуць што? Толькі “му”.

Прадзяржаўная арганізацыя БРСМ нават процьму розных акцыяў арганізуе з нагоды датэрміновага галасавання, каб як мага болей моладзі прыйшло прагаласаваць на выбарчыя ўчасткі. Вось дзе змаглі даць волю сваёй фантазіі сябры гэтага аб’яднання. Сярод мерапрыемстваў – і квэст “Сцяжына выбарца”, і мабільная гульня “Галасую”, і выбары ідэальнага кандыдата ў дэпутаты, і складанне ўласнай перадвыбарчай праграмы, і дзелавая гульня “Азбука грамадзяніна”, і правядзенне дэбатаў “Моладзь і выбары”, і палітыка-прававыя гульні. Карацей, такое адчуванне, што ўся краіна на гэтыя дні пераўтварылася ў нейкі піянерскі летнік. Засталося яшчэ дадаць правядзенне конкурсаў “Міс і містэр выбарцы” – і можна сказаць, што праграма піянерлетніка пад назвай “Выбары ў Беларусі” атрымалася. Толькі хочацца ўсё ж такі нагадаць, што Беларусь – гэта не піянерлетнік. І выбіраем мы не лепшы атрад, а дэпутатаў, якія мусяць займацца заканадаўчай дзейнасцю. А заканадаўчая дзейнасць – гэта не лампачкі ўкручваць у пад’ездах, і не лавы фарбаваць. Гэта тое, што вызначыць будучае жыццё тых БРСМаўцаў, якія цяпер у піянерскі летнік гуляюць. І няма гарантыі, што ніхто з гэтых БРСМаўцаў, якія сёння ўдзельнічаюць у інтэрактывах “Пажаданне дэпутату” ці “Хто, калі не мы”, заўтра не стануць дармаедамі, паводле законаў, прынятых парламентам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ