Выставу марыянетак прадставяць у Гародні
Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэатр марыянетак імя Я.С.Дэмені прыбывае ў Гародню з гастролямі, паведамілі ва ўпраўленні культуры Гарадзенскага аблвыканкама.
Старэйшы лялечны тэатр Расеі ў Гародні дасць некалькі спектакляў. Так, на сцэне Гарадзенскага абласнога тэатра лялек 15-16 лістапада пакажуць спектакль «Малютка Янот», а 17 лістапада – «Любоў да трох апельсінаў».
«Санкт-Пецярбургскаму дзяржаўнаму тэатру марыянетак імя Я.С.Дэмені ў мінулым сезоне споўнілася 100 гадоў. Вядомы ён і ўнікальнай калекцыяй тэатральных лялек. Мастацкая выразнасць драўляных артыстаў адзначалася на шматлікіх міжнародных выставах. У гарадзенскіх гледачоў таксама будзе магчымасць убачыць экспазіцыю »Лялькі для дарослых і дзяцей«, – адзначылі ва ўпраўленні культуры.
Для выставы ў Гародні адабраны 33 лялькі, сярод якіх, напрыклад, Пятрушка з аднайменнага спектакля 1924 года ў п’есе Маршака: гэта арыгінальная лялька вулічнага народнага тэатра. Акрамя таго, будуць прадстаўлены лялькі з вядомых пастановак Яўгена Дэмені – »Лекар паняволі« Ж.Б.Мальера, »Прынц і жабрак« паводле аповесці Марка Твэна і іншых. Пазнаёмяцца гледачы і з Чабурашкам, з персанажамі вядомай еўрапейскай казкі »Макс і Морыц«. Дарэчы, менавіта па гэтым спектаклі ў 1928 годзе быў зняты першы ў Еўропе ігравы лялечны фільм. Выставу суправаджае народная артыстка Расеі Фаіна Косціна.