„Брэст-над-Бугам” вачыма мастакоў
Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці, Абласное маладзёжнае грамадскае аб’яднанне „Крыніцы творчасці”, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт ім. А.С. Пушкіна і Мастацкі музей – філіял КК „Брэсцкі абласны краязнаўчы музей” рады запрасіць на адкрыццё мастацкай выставы „Брэст-над-Бугам”, якое адбудзецца 15 лістапада ў 16:00 у Мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці (Брэсцкая крэпасць, Паўднёвая казарма).
Выстава праводзіцца па выніках гарадскіх пленэраў, якія праходзілі гэтым летам у Берасці. Мастакі, шпацыруючы па вуліцах, спрабавалі ўхапіць атмасферу „новага горада” і тыя месцы, якія і па гэты дзень вызначаюць характар Берасця. Такімі сведкамі гісторыі з’яўляюцца будынкі канца XIX – пачатку XX стагоддзя, сярод якіх асаблівым кліматам адрозніваюцца забудовы вуліцы Леванеўскага, Міцкевіча і К. Маркса. Значнае месца ў шэрагу архітэктурнай спадчыны займаюць будынкі, пабудаваныя ў міжваенны перыяд, калі фармаваўся архітэктурны стыль і тып структуры горада.
На выставе будуць прадстаўлены работы членаў Абласнога моладзевага грамадскага аб’яднання „Крыніцы творчасці”, студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў Псіхолага-педагагічнага факультэта УА „БрДУ імя А. С. Пушкіна” – Вольгі і Ігара Раманчукоў, Анатоля Меліхаўца, Уладзіміра Лябука, Наталлі Заяц і інш., а таксама фатаграфічныя эцюды Алега Малейкі.
Цікавасць да гарадскога пейзажу ў сучасным мастацтве ХХІ стагоддзя набірае абароты, што звязана з вялікім і багатым уплывам гарадоў на развіццё культуры ў цэлым. Індустрыяльныя субкультуры, а разам з імі музыка, мода, графіці і канцэптуальная архітэктура таксама значна паўплывалі на традыцыйную выяву гарадскіх пейзажаў. Спробы пераасэнсавання гарадской прасторы ў мастацтве даюць новы імпульс да ўсведамлення ўрбаністычнай матэрыі і значэння яе складнікаў, у тым ліку спадчыны архітэктуры папярэдніх пакаленняў.
Выстава прадоўжыцца да 15 снежня 2019 г.
КАЛІ: 15 лістапада (пятніца) – 16: 00
ДЗЕ: Выставачная зала Мастацкага музея – філіял КК „Брэсцкі абласны краязнаўчы музей”
Паводле прэс-рэлізу