Кампанія «Права выбару» пачала назіранне на датэрміновым галасаванні



Пачалося датэрміновае галасаванне, на ўчасткі выйшлі і незалежныя назіральнікі. Кампанія назірання «Права выбару-2019» пачала назіранне на датэрміновым галасаванні на парламенцкіх выбарах. Акрэдытаваны 671 назіральнік на 349 участках.

Пра гэта ў нашым эфіры паведаміў прадстаўнік кампаніі Аляксей Янукевіч. У кампанію назірання “Права выбару-2019” уваходзяць восем арганізацый, на 10 акругах арганізуецца татальнае назіранне. Сёння пачалася праца – заўважае Аляксей Янукевіч:

– На выбарчыя ўчасткі масава выйшлі назіральнікі ад кампаніі “Права выбару”. На 349 участках зарэгістраваўся і выйшаў назіраць 671 чалавек. Гэта дзесяць акругаў мы закрываем татальным назіраннем. З самай першай хвіліны, калі адкрыліся выбарчыя ўчасткі, назіральнікі фіксуюць яўку, сочаць за тым, каб працэс адбываўся максімальна без парушэнняў.

А калі тыя парушэнні выяўляюцца, дадае Аляксей Янукевіч, задача назіральнікаў імкнуцца іх ліквідаваць і зафіксаваць. Пра шэраг парушэнняў ужо паведамляюць прадстаўнікі кампаніі «Права выбару». Напрыклад, зачыненыя 11 лістапада ўчасткі, у выніку ў назіральнікаў былі складанасці з атрыманнем акрэдытацыі, а таксама дробныя прыдзіркі да накіраванняў. Скаргі па факце парушэнняў пададзеныя ў выбаркамы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя