Выстава „Праўда пра Курапаты” адкрыецца ў Палацы мастацтва
У Менску 13 лістапада ў Палацы мастацтва адкрыецца III дакументальна-мастацкая выстава „Праўда пра Курапаты”. Аб гэтым паведаміў каардынатар грамадзянскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў”, пісьменнік і журналіст Марат Гаравы.
„Гэтая выстава прысвечана гісторыі абароны Курапатаў. Апошнія 20 гадоў ідзе бясконцая абарона, бо там адбываецца вандалізм, у тым ліку і дзяржаўны. У 2001—2002 гадах была абарона гэтага месца ад пашырэння МКАД. Народ выступіў супраць, пасля была абарона Курапатаў ад працы „Бульбаш-хола”, рэстарана „Паедзем, паядзім”, — адзначыў Гаравы.
Акрамя „Экспертаў у абарону Курапатаў” суарганізатарам выставы з’яўляецца суполка „Пагоня” Беларускага саюза мастакоў. Таксама імпрэзу падтрымліваюць 13 арганізацый, у тым ліку Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменнікаў, „Арт-сядзіба”.
„Выстава прысвечана ўсім момантам абароны Курапатаў. У экспазіцыі будуць прадстаўлены творы беларускіх мастакоў, у першую чаргу суполкі „Пагоня”. Жывапіс, графіка, пластыка, інсталяцыі, будзе шмат дакументальных стэндаў”, — дадаў Гаравы.
Урачыстае адкрыццё выставы, якая будзе працаваць на працягу дзесяці дзён, прызначана на 17.00 13 лістапада. Падчас цырымоніі прагучыць сімфонія № 4 „Курапаты” заслужаннага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Кіма Цесакова.
15 лістапада ў рамках выставы адбудзецца прэзентацыя кнігі „НКВД забіваў у Курапатах” Марата Гаравога.
Урочышча Курапаты — месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрочышча Курапаты будзе прыведзена ў парадак, але рэстаран „Паедзем, паядзім”, супраць працы якога пратэстуюць грамадскія актывісты, ніхто закрываць не будзе.
На працягу красавіка ў Курапатах па рашэнні ўладаў былі знесеныя і вывезеныя ў невядомым кірунку 70 шасціметровых крыжоў, а таксама была ўстаноўленая агароджа па перыметры ўрочышча. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфесій.
belapan.by