Кандыдату ў дэпутаты Вользе Кавальковай вынесена папярэджанне



Выбарчая камісія № 103 Пушкінскай акругі Менска вынесла папярэджанне кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вользе Кавальковай. 

Гэта першае папярэджанне, вынесенае Кавальковай як кандыдату. Паводле яе слоў, яно вынесенае па трох пунктах.

„Падчас пікета ля Камароўскага рынку да мяне падыходзілі выбаршчыкі, казалі, што жывуць у іншай акрузе, і пыталіся, якога кандыдата я магу ім параіць. Члены камісіі палічылі гэта парушэннем, хаця згодна з артыкулам 45 Выбарчага кодэкса кандыдаты маюць права на абмеркаванне. Другім парушэннем камісія палічыла, што на пікеце збіраліся подпісы за рэформу судовай сістэмы. Трэцяе — што я ім сваю раздрукаваную ўлётку накіравала па пошце, а не прынесла асабіста”, — сказала Кавалькова.

Яна дадала, што на пасяджэнне выбаркама не пусцілі дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую, пакінуўшы толькі акрэдытаваных назіральнікаў.

На думку Кавальковай, ні адно з пастаўленых ёй у віну дзеянняў, за якія вынесенае папярэджанне, не з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства.

„Першы раз бачу, каб выносілі папярэджанне за такое. Гэта толькі лішні раз паказвае, што калі яны захочуць кагосьці зняць, то яго знімуць. Яны шукаюць любыя магчымасці зняць дэмакратычных кандыдатаў, збіраюць усё, што можна, каб вынесці папярэджанне, пры гэтым дапамагаюць праўладным кандыдатам”, — дадала яна.

11 лістапада была пазбаўленая рэгістрацыі член АГП Вольга Беляўцова. У яе адносінах паступіла некалькі заяў аб парушэнні: дзве заявы тычыліся сходу з выбаршчыкамі ў няўзгодненых месцах, трэцяе было пра тое, што вытворца ўлёткі не зарэгістраваны ў рэестры вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў. 6 лістапада Беляўцовай было вынесенае папярэджанне за тое, што яна размясціла на чырвонай зорцы каля ваеннага гарадка Аколіца Менскага раёна свой перадвыбарны плакат і сфатаграфавалася з ім.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

belapan.by