Аляксандр Сілкоў: Татальнае назіранне ўжо пачалося



Рэгіянальны кіраўнік кампаніі „Права выбару” Аляксандр Сілкоў распавёў пра тое, якім чынам назіральнікі будуць працаваць падчас датэрміновага галасавання.

Аляксандр Сілкоў: У нас ёсць дзесяць акруг, на якіх будзе татальнае назіранне, калі назіральнік кожную секунду будзе прысутнічаць на ўчастку. Па адной акрузе – у Бярэсці, Гародні, Бабруйску, Гомелі і Віцебску, дзве – у Магілёве і тры – у Менску.

Гэта 369 участкаў, на якіх будуць прысутнічаць нашы назіральнікі. Яны дадуць нам звесткі пра тое, колькі прагаласавала людзей падчас датэрміновага галасавання. Такім чынам, будзе вядома рэальная яўка выбарцаў за пяць дзён, а таксама тое, дзе будуць знаходзіцца скрыні для галасавання.

РР: Колькі людзей задзейнічана?

Аляксандр Сілкоў: У якасці назіральнікаў – прадстаўнікі тых палітычных структур, якія ўваходзяць у кампанію “Права выбара”. Кожная структура мае свайго кандыдата, вакол якога і арганізоўвае назіранне.

Усе назіральнікі прайшлі адмысловы трэнінг і здалі тэсты, каб яны ведалі Выбарчае заканадаўства ад “а” да “я”. Прайшло навучэнне 930 чалавек, але задзейнічаць плануем каля 800 назіральнікаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя