Алена Анісім: Візіт Лукашэнкі ў Аўстрыю – перамога беларускага МЗС
Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю – гэта найперш перамога беларускага Міністэрства замежных спраў і пасла Алены Купчынай, – лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Тое, што кіраўнік Беларусі ўрэшце рэшт адважыўся выехаць за межы той умойнай „дугі”, якая была абазначана да гэтага, сведчыць, што ён перабароў у сабе страх і непрыязнасць перад Захадам. Хаця, канешне, гэта не спантанны візіт. І да гэтага было шмат прапаноў і магчымасцяў, – кажа Алена Анісім.
– Тым не менш, пакуль Беларусь з 2014 года не засведчыла сябе менавіта як пляцоўка для перамоўных працэсаў. І пакуль тут не пабывалі шматлікія высокапастаўленыя асобы з розных краін свету і нават з Амерыкі, датуль Аляксандр Рыгоравіч не выязджаў. Ён павінен быў адчуць сябе асобай, якую паважаюць і з якой лічацца высокія людзі, якія шмат у чым вырашаюць лёсы сваіх народаў і сваіх краін.
Таму Алена Анісім лічыць гэты візіт вельмі важным. Яна спадзяецца, што да сярэдзіны 2020 году такіх візітаў будзе яшчэ некалькі. „Мы ўсе разумеем, што Беларусь можа адбыцца як незалежная краіна толькі тады, калі яна дыстанцуецца ад свайго ўсходняга суседа і будзе дэманставаць сваю адкрытасць і прыналежнасць да сям’і еўрапейскіх народаў. Нават калі і не будзе зараз уступаць у Еўразвяз. Грамадзянам Беларусі дастаткова мець палёгку візавага рэжыма. А праз гадоў 5 ужо лагічна будзе ставіць пытанне пра ўключэнне нашай краіны ў Еўразвяз”, – кажа Алена Анісім.
Беларускае Радыё Рацыя