Феномен датэрміновага галасавання ў Беларусі
У Беларусі поўнай хадой ідзе датэрміновае галасаванне. Толькі за першы дзень волевыяўлення прагаласавала ад 3 да 5 працэнтаў выбарцаў. Лідар у галасаванні – Віцебшчына. Улады досыць эфектыўна выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс, каб забяспечыць датэрміновае галасаванне сярод іншагародніх студэнтаў, салдатаў тэрміновай службы, сілавікоў і некаторых катэгорый дзяржслужачых.
Ужо ў першы дзень апазіцыйныя кандыдаты гавораць пра разыходжанні ў лічбах яўкі на некаторых участках, якія падаюць сябры выбаркамаў і незалежныя назіральнікі. Пра гэтыя выпадкі можна пачытаць у незалежных СМІ і ў пабліках апазіцыйных партый і рухаў. Усе гэтыя прымітыўныя тэхналогіі забеспячэння яўкі, па ідэі, у ХХІ стагоддзі выглядаюць анахранізмам. Больш за тое, пры наяўнасці сацыяльных сетак і вокаімгненнай дыфузіі інфармацыі, здаецца, прымусовае галасаванне павінна цалкам дыскрэдытаваць уладу, выклікаць пратэст у грамадстве. Аднак гэтага не адбываецца.
Чаму ўлады ідуць на тое, каб забяспечыць высокія лічбы датэрміновага галасавання, не азіраючыся на іміджавыя наступствы? Самы просты адказ, які тыражуюць незалежныя СМІ, заключаецца ў тым, што нібыта дзяржава імкнецца стварыць “падушку бяспекі”, атрымаўшы да траціны галасоў выбарцаў да асноўнага дня галасавання, каб потым прадэманстраваць высокі ўзровень палітычнага ўдзелу грамадзянаў і давер да выбарчай сістэмы. Маўляў, улады вельмі зацікаўленыя ў высокіх лічбах яўкі, каб паказаць эфектыўнасць сваёй работы і падтрымкі з боку насельніцтва. На справе ж выглядае, што такі аналіз сітуацыі ёсць надта павярхоўным і просталінейным. А што калі ўлады насамрэч зацікаўленыя ў абсалютнай дыскрэдытацыі выбараў як дэмакратычнага інстытута? Калі пытанне сфармуляваць такім чынам, то атрымліваецца, што любыя дзеянні, у тым ліку маніпуляцыі з лічбамі яўкі і прымусовае галасаванне, льюць ваду на млын усеагульнага расчаравання ў выбарах. Гэта значыць, грамадзяне не бачаць сэнсу ў тым, каб удзельнічаць у кампаніі, цікавіцца палітычнымі падзеямі, чытаць праграмы партый і хадзіць на пікеты кандыдатаў. У такім разе акно магчымасцей, якое адчыняецца ў пік электаральных цыклаў, перастае ўвогуле ўспрымацца грамадствам як нешта вартае ўвагі. А раз так, то і чакаць актывізацыі выбарцаў не выпадае.
Досвед дэмакратычных трансфармацый у нашым рэгіёне падказвае, што менавіта выбары з’яўляюцца трыгерам для пераменаў, мабілізуюць грамадствы для агульнага дзеяння і пратэста ў разе патрэбы. Калі ёсць у грамадзянаў вера, што іх голас на нешта ўплывае, то, адпаведна, выбарцы будуць абараняць свае галасы, у тым ліку на масавых акцыях пратэсту. Калі ж у грамадстве пануюць абсентэісцкія настроі, то мабілізаваць людзей на ўдзел у палітыцы не ўдасца. Такім чынам, дэпалітызацыя выбараў – эфектыўны інструмент захавання статус-кво.