Выбары ў Віцебску: апошнія пікеты і першыя парушэнні
Кандыдаты ў дэпутаты Парламенту праводзяць апошнія агітацыйныя пікеты: на гэта ім засталося ўсяго два дні. Старшыня гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, старшыня аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч вырашыла скарыстаць гэтую магчымасць напоўніцу: кожны дзень яна выходзіць на вуліцы гораду, каб асабіста паразмаўляць з патэнцыйнымі выбарцамі. Яе падтрымлівае каардынатарка аргкамітэту па стварэнні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Таццяна Севярынец – яна чытае мінакам беларускія вершы, на пікетах гучыць музыка.
Але пачатак датэрміновага галасавання не дадае ўзнёслага настрою, бо ад назіральнікаў з першага дня прыходзяць звесткі пра парушэнні на выбарчых участках, кажа Таццяна Севярынец:
– Разыходзяцца лічбы – тыя, што налічылі назіральнікі, з тымі, што даюць у канцы дня камісіі. Ад чатырох да дзесяці чалавек разыходжанне, а на адным з участкаў разыходжанне нават на 40 адзінак.
Між тым, яшчэ ў самы першы дзень датэрміновага галасавання віцебскія назіральнікі перадалі старшыням участковых камісій адмысловыя памяткі, кажа Ірына Яскевіч кандыдатка па Віцебскай Чкалаўскай выбарчай акрузе №18:
– Просім добрасумленна выконваць абавязкі камісіі, каб ні ў кога не было ніякіх пытанняў, што падлік ідзе несправядліва. Яны іх узялі, дзе-нідзе нават зарэгістравалі, але потым напісалі адмовы. Яны лічаць, што ў іх нейкі свой закон ёсць, якім яны і будуць карыстацца.
Паводле назіранняў Ірыны Яскевіч, шматлікія жыхары Віцебска не маюць вялікай ахвоты ісці на выбары. І камісіі, відавочна, занепакоены тым, што яўка выбарцаў будзе нізкай, і выбары не адбудуцца. А таму робяць усё магчымае, каб гэтага не здарылася.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя