Судовы канвеер ў Берасці
Касацыйная скарга незалежнага журналіста Алеся Ляўчука ў Берасцейскім абласным судзе засталася без задавальнення, а рашэнне суда Ленінскага раёна без змянення.
Суддзя Наталля Сурма палічыла, што папярэдні суд даў належную ацэнку сабраным матэр’ялам і прыйшоў да абаснаванага вываду аб здзяйсненні правапарушэння па арт 22.9 ч. 2., дзе гаворыцца, што караецца незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай. І ні слова пра працу без акрэдытацыі, кажа Алесь Ляўчук:
– Возьмем маю справу і тыя пятнаццаць справаў, што былі па Беларусі. Ні разу суд нічога не даказаў пра працу на замежныя СМІ.
Паводле актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкава, усе судовыя і сілавыя структуры выконваюць цяпер каральную функцыю, абараняючы за народныя грошы інтарэсы толькі аднаго чалавека, якому замінаюць людзі, што не так, як яму трэба, думаюць і гавораць:
– Прафесія журналіста сёння пад забаронай, збор інфармацыі, распаўсюд, хаця суд не мае права адмяняць артыкул Канстытуцыі і права ў человека.
Незалежны журналіст Алесь Ляўчук 24 снежня быў пакараны судом Ленінскага раёна штрафам у 6 000 000 рублёў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі.
Ён будзе абскарджваць рашэнне касацыйнай інстанцыі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле
* * *
Судовы канвеер ў Берасці – справы журналістаў разглядаліся сумесна. У Берасцейскім абласным судзе разглядаліся касацыйныя скаргі журналістаў Алеся Ляўчука і незалежнай журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай. Абласны суд падтрымаў ранейшыя рашэнні раёных судоў. Пра гэта расказала Тамара Шчапёткіна, якая абскарджвала прысуджаны ёй 17-га снежня мінулага года штраф у 30 базавых велічынь. Журналістка прысутнічала на судовым працэсе Алеся Ляўчука і палічыла бессэнсоўным чакаць свайго тэрміну, які быў троху пазней.
– Потым думаю, ну што я яшчэ асобна буду чакаць да 11-ці. У мяне справа была прызначана на 11. Я суддзі Наталлі Сурма прапанавала, што можа быць зараз і маю справу разбярэм, яна аналагічная. Яна кажа: ну што ж, канешне, давайце і вашую справу разгледзім. Ужо рашэнне было ў суддзі на стале. Яна нікуды не сыходзіла, нічога не думала. Паслухала крышачку з большага, што Ляўчук сказаў, потым што я сказала, і вынесла рашэнне, што ўсё правільна, што пакаралі нас штрафам правільна.
А Бярозаўскі раённы суд палічыў Тамару Шчапёткіну вінаватай у працы на замежны сродак масавай інфармацыі без акрэдытацыі і фактычна асудзіў за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”. Па аналагічнай справе і з тым жа вынікам ў Берасці разглядалі касацыйную скаргу Алеся Ляўчука на ранейшы прысуд у судзе Ленінскага раёна Берасця.
[Not a valid template]
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарка з Тамарай Шчапёткінай у далучаным гукавым файле