Раман Юргель: Выбары не цікавяць грамадзян Беларусі
Выбары не цікавяць грамадзянаў Беларусі, – кажа доўгатэрміновы назіральнік кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” па Гарадзенскай вобласці Раман Юргель.
У датэрміновых выбарах улады працягваюць ужываць адміністрацыйны рэсурс, прыцягваюць, часам прымусова, грамадзянаў да галасавання. Ужо, паводле афіцыйных звестак, колькасць прагаласаваўшых па Гарадзеншчыне – 10% ад тых, хто мае права голасу. Кажа назіральнік:
– Выбарчыя камісіі ўсіх рэгіструюць зараз. Няма ніякіх недарэчнасцяў, таму што, як сказала і Лідзія Ярмошына, выбары вельмі кволыя, вельмі слабыя, мала кандыдатаў. Няма канкурэнцыі, няма моцнай агітацыі. Няма жадання ў саміх кандыдатаў праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, ладзіць пікеты і актыўна працаваць з-за адсутнасці каманд. Таму назіральнікаў усюды рэгіструюць.
Канешне, некаторыя акругі забяспечаны дэмакратычнымі кандыдатамі, якія праяўляюць актыўнасць, як у Гародні, так і ў вобласці. Метавіта там і засяроджаны сілы незалежных, альбо партыйных назіральнікаў. Кажа Раман Юргель:
– На тых акругах, дзе ідуць дэмакратычныя кандыдаты, ёсць партыйнае назіранне, якое з камандамі сваімі робяць самі кандыдаты. Таксама прысутнічаюць і незалежныя назіральнікі ад кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Найбольш актыўна працавалі на этапе перадвыбарчай агітацыі Вадзім Саранчукоў – Партыя БНФ, акруга №51, Віктар Марчык – Партыя БНФ, акруга №58, Павел Станеўскі акруга №48, “Справядлівы Свет”.
Найбольш актыўна датэрмінова галасуе Віцебская вобласць, дзе на цяперашні момант ( 14.11.19) аддалі свае галасы амаль 13 % усіх выбарцаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня