Лідзія Ярмошына: Усё, што здзейсніў назіральнік, недапушчальна
Назіральнік, які пераняў ля скрыні для галасавання дзяўчыну з пачкам бюлетэняў, павінен быць пазбаўлены акрэдытацыі. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына падчас датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
„Усё, што здзейсніў назіральнік, недапушчальна. Яго трэба пазбавіць акрэдытацыі”, — заявіла Ярмошына.
13 лістапада на ўчастку № 37, які ўваходзіць у склад Брэсцкай-Усходняй выбарчай акругі № 3, назіральнік Юрый Вашчанчук зафіксаваў спробу ўкідвання бюлетэняў. Відэа інцыдэнту размешчанае на YouTube. На ім адлюстравана, як з кабінкі для галасавання выходзіць дзяўчына з пачкам бюлетэняў у руках. Падышоўшы да яе, назіральнік пытаецца, колькі бюлетэняў у яе ў руках. Разгубіўшыся, дзяўчына выходзіць з памяшкання для галасавання, так i не ўкінуўшы бюлетэні ў скрыню. У гэтай акрузе асноўным кандыдатам ад апазіцыі з’яўляецца член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс.
14 лістапада Вашчанчук падаў скаргу ў пракуратуру Брэста. Як паведаміла БелаПАН Канюс, назіральнік, які з’яўляецца яе даверанай асобай, патрабуе даць прававую ацэнку дзеянням старшыні камісіі № 37, якая, як ён лічыць, дапусціла вынас бюлетэняў з памяшкання для галасавання, і распачаць справу на падставе артыкула 192 КК. Акрамя таго, ён дамагаецца падліку бюлетэняў у скрыні для галасавання і супастаўлення атрыманых звестак з пратаколамі выдачы бюлетэняў на ўчастку.
Артыкул 192 Крымінальнага кодэкса (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адклiканнi дэпутата і рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або пазбаўлення права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.