Юрась Губарэвіч: Ідзе „накрутка” лічбаў
Прадстаўнікі Руху „За свабоду” выяўляюць усё новыя парушэнні на датэрміновым галасаванні, – паведаміў старшыня арганізацыі Юрась Губарэвіч на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Менску.
Па яго словах, у першую чаргу гэта вялікая „накрутка” лічбаў яўкі з боку выбарчых участковых камісій. Па выбарчай акрузе №107 у Менску, дзе назіраюць прадстаўнікі руху, зафіксаваны дзясяткі такіх выпадкаў, кажа Юрась Губарэвіч:
– Па маім перакананні, гэта з’яўляецца парушэннем не столькі выбарчага, а крымінальнага кодэкса, бо гэта фальсіфікацыя афіцыйных дакументаў. У кожнай сітуацыі мы выклікаем на выбарчы ўчастак супрацоўнікаў міліцыі і патрабуем ад іх прыняць заяву пра ўзбуджэнне крымінальнай справы. Супрацоўнікі міліцыі вельмі часта ігнаруюць і спрабуюць пазбегнуць такіх сітуацый, яны адмаўляюцца прымаць гэтыя заявы. Тым не менш мы настойваем, бо гэта іх абавязак.
Апошні з такіх выпадкаў здарыўся на 585 участку, дзе за 2 дні прагаласавала, па падліках назіральнікаў, 57 чалавек, а камісія занесла ў пратакол лічбу 219, з’яўленне якой не змагала патлумачыць, кажа Юрась Губарэвіч. Замест гэтага ад старшыні камісіі гучалі пагрозы выдаліць з участку назіральнікаў і журналіста газеты „Новы час”.
„Таму мы выклікалі міліцыю і перадалі ёй заяву пра парушэнні”, – распавёў Юрась Губарэвіч. Праваахоўнікі яе прынялі, але папярэдзілі Губарэвіча аб магчымасці завядзення супраць яго адміністратыўнай справы быццам за прадстаўленне несапраўднай інфармацыі.
„Бачна, што іх турбуе гэтая сітуацыя, бо калі дзейнічаць у рамках закона, то трэба прыцягваць да адказнасці ледзь не кожнага другога кіраўніка выбарчых камісій”, – сцвярджае Юрась Губарэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск