Юрась Губарэвіч: Нам ужо няма чаго баяцца
Заўтра завяршаецца датэрміновае галасаванне. ЦВК інфармуе – ажно амаль 20 % выбарцаў ужо прыйшлі на ўчасткі для галасавання. І нягледзячы на тое, што працэс галасавання ўжо цягнецца тыдзень, незалежныя кандыдаты па-ранейшаму – пад пагрозай, што іх могуць зняць. Гэта прадугледжвае і беларускае заканадаўства, паводле якога кандыдата могуць выкрасліць з бюлетэня нават 17 лістапада, а галасы, пададзеныя за яго падчас датэрміновага галасавання, прызнаюцца несапраўднымі.
Нам ужо няма чаго баяцца, кажа кіраўнік Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, нас і так, асабліва ў сталіцы, моцна падкасілі:
– Парадку двух дзясяткаў па ўсёй Беларусі, пераважна ў рэгіёнах, бо ў Менску нам татальна зачысцілі кандыдатаў. Тым не менш людзі актыўныя, людзі пазнавальныя. І калі б былі рэальныя, дэмакратычныя выбары са справядлівым, адкрытым падлікам, то я перакананы, што большасць з іх атрымала б перамогу.
Да 17 лістапада ў Беларусі выбіраюць 110 дэпутатаў ніжняй палаты парламента. Паводле апошніх звестак ЦВК, у бюлетэнях – 516 кандыдатаў, а першапачаткова было зарэгістравана 562.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя