„Канцэрт жыцця” пабачаць у Навасадах і Барысаўцы



Фільм „Канцэрт жыцця” нашага рэдакцыйнага калегі Міколы Ваўранюка пашырае кола гледачоў. 

Фільм пра адну з найбольш папулярных перадач на хвалях Беларускага Радыё Рацыя цяпер змогуць паглядзець жыхары вёскі Навасады, што пад Гайнаўкай.

„Мяне вельмі цешыць, што фільм могуць паглядзець таксама і жыхары невялікіх мясцовасцяў, якія складаюць вялікую колькасць прыхільнікаў Падляшскага канцэрту пажаданняў”, – кажа Мікола Ваўранюк:

– Фільм ідзе, як бура. Я думаю, што гэта заслуга перш-найперш тэмы, папулярнасці „Падляшскага канцэрту пажаданняў” і герояў, якія выступаюць у гэтым фільме. Ведаю, што ў некаторых вёсках з наваколля Гайнаўкі людзі чакаюць копіяў і хочуць паглядзець фільм не тое што дома на сваім камп’ютары, а ў такіх гуртах, у святліцах. Я думаю, што калі паглядзяць, будуць абмяркоўваць, будуць новыя заўвагі. Гэта добра, дзеля гэтага рабіўся фільм.

Бліжэйшы паказ Фільму „Канцэрт жыцця” Міколы Ваўранюка пройдзе сёння ў вясковай святліцы ў Навасадах. Пачатак а 17-й гадзіне.

У нядзелю, 17 лістапада, яго змогуць паглядзець жыхары вёскі Барысаўка.

Беларускае Радыё Рацыя