Пётр Парашэнка: Вайна выйшла за тэрыторыю Украіны



“Знешняя агрэсія супраць Украіны – не толькі наша праблема, гэта пагроза еўрапейскай і глабальнай бяспецы. Яе пераадоленне патрабуе сумесных намаганняў”, – сказаў Пётр Парашэнка ў сваім звароце з нагоды тэракту на Данбасе ў выніку якога быў збіты самалёт малазійскіх авіяліній з трыма сотнямі пасажыраў на борце:

– Сёння вайна выйшла за тэрыторыю Украіны, наступствы гэтай вайны ўжо дакаціліся да ўсяго свету. Трагедыя, якая адбылася сёння ў небе над Данеччынай, глыбока ўражвае нават на звычайным фоне сумных і прыгаломшаных падзей выкліканых дзеяннямі агрэсараў і баевікоў на Данбасе. Сёння тэрарысты адным выстралам забілі амаль 300 чалавек, сярод іх жанчыны, дзеці, грамадзяне многіх краін свету. Яны збілі мірны, пасажырскі самалёт авіякампаніі малазійскіх авіяліній на вышыні 10100 метраў, які здзяйсняў палёт па маршруце Амстэрдам – Куала-Лумпур. Ад імя дзяржавы Украіна я выказваю глыбокае і шчырае спачуванне сем’ям і блізкім нявінных ахвяраў.

Пасля эфектыўных дзеянняў украінскай арміі, найміты і іх „старэйшы брат” усё часцей і больш нахабна звяртаюцца да непрыхаваных ваенных дзеянняў супраць нашай дзяржавы”, – працягнуў Парашэнка.

Паводле яго слоў, украінскую тэрыторыю абстрэльваюць з тэрыторый суседняй краіны, збіваюць самалёты, пастаўляюць прафесійныя кадры і сучасную баявую тэхніку.

„Сёння ўвесь свет убачыў сапраўдны твар агрэсара, бо абстрэл мірнага самалёта з’яўляецца актам міжнароднага тэрарызму, накіраванага супраць усяго свету”, – адзначыў Парашэнка.

[youtube id=”CMVP4IqUy-A”]

Беларускае Радыё Рацыя