За тры дні датэрмінова прагаласавала амаль 20% выбарцаў



За тры дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў бюлетэні атрымалі амаль 19,5% выбарцаў, сведчаць аператыўныя дадзеныя на сайце Цэнтрвыбаркама.

Па-ранейшаму ў лідарах Віцебская вобласць, дзе, паводле звестак ЦВК, прагаласавала 21,15% выбарцаў. У Гомельскай і Магілёўскай – па 21%, Менскай – 19,97%, Гарадзенскай – 18,49%, Берасцейскай вобласці – 17,74%, у Менску – 17,30%.

На працягу ўсяго перыяду датэрміновага галасавання незалежныя нацыянальныя назіральнікі заяўляюць пра шматлікія парушэнні. На брыфінгу 14 лістапада прадстаўнікі кампаніі «Права выбару», у якую ўваходзяць восем палітычных і грамадскіх структур, паведамілі пра 159 парушэнняў, зафіксаваных па выніках двух дзён галасавання на кантраляваных выбарчых участках. Асноўнымі з’яўляюцца неналежнае захоўванне скрыняў для датэрміновага галасавання, а таксама неадпаведнасць колькасці тых, хто прагаласаваў, у пратаколе камісіі звесткам назіральнікаў, якія ўвесь час знаходзяцца на ўчастку. Пададзена 56 скаргаў.

Беларускае Радыё Рацыя