Віктар Сазонаў: Назіраем “загон” студэнтаў



Доўгатэрміновы назіральнік, прадстаўнік праваабарончага цэнтра „Вясна” ў Гародні Віктар Сазонаў канстатуе, што на папярэднім галасаванні студэнты ідуць галасаваць пад прымусам.

Віктар Сазонаў кажа пра канкрэтныя прыклады ў гарадзенскіх ВНУ:

– На ўчастку 17, на ўчастку 18, як толькі нейкі званок на перапынак, а гэта Аграрны коледж, адразу лятуць студэнты галасаваць, каб паспець да наступнай пары. Студэнты гавораць, што куратары ім сказалі, што будуць пэўныя праблемы і нейкія пэўныя нязручнасці ў іхным жыцці, калі яны гэтага не зробяць. На ўчастку 12 увогуле аказалася камедыя, куды прыляцелі людзі ў тапачках, распранутыя, не па-восеньску апранутыя. Калі ў іх назіральнікі спыталі, што ж вы так ходзіце. Сказалі, што зноў жа куратары іх выгналі.

Праваабаронца канстатуе, што студэнтаў у ВНУ пужаюць размеркаваннем у Астравец:

– Куратары іх напалохалі такімі простымі рэчамі. Мала таго, што з іх могуць зняць нейкія там балы, але сказалі, што тыя, хто гэта не будзе рабіць, то потым, па заканчэнні, іх накіруюць у Астравец. І зараз мы бачым, што Астравец яшчэ не пабудаваны, а яго ўжо разглядаюць як нейкі Чарнобыль. Як некалі студэнты баяліся патрапіць у Чарнобыльскую зону, то зараз палохаюць Астраўцом. І хто палохае? Куратары палохаюць.

Па словах Віктара Сазонава выбары ў асноўны дзень галасавання будуць адбывацца па старой схеме, калі ўсе падлікі будзе рабіць старшыня камісіі, а назіральнікі нічога не ўбачаць.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча