Гандбалісты СКА і „Машэкі” даведаліся супернікаў у трэцім раўндзе кваліфікацыі еўракубкаў



У венскай штаб-кватэры Еўрапейскай федэрацыі гандбола (ЕГФ) адбылося лёсаванне кваліфікацыйных раўндаў Кубка ЕГФ і Кубка выкліку. Сярод каманд, якія даведаліся сваіх супернікаў, – менскі СКА і магілёўскі „Машэка”. Магілёўцы у 3-м раўндзе кваліфікацыі Кубка выкліку згуляюць з румынскім ЦСМ „Бухарэст”, цяперашнім уладальнікам трафея. Першы матч пройдзе ў сталіцы Румыніі 16-17 лістапада. Менскі СКА ў трэцім кваліфікацыйным раўндзе за выхад у групавы раунд паспрачаецца з нямецкай камандай „Райн Лэвен”. Першы матч пройдзе ў Менску 16 ці 17 лістапада.

Сцяпан Шпак выйграў срэбра Сусветных пляжных гульняў у Катары

Беларускі водналыжнік Сцяпан Шпак стаў уладальнікам срэбра ў скачках з трампліна на Сусветных пляжных гульнях у Катары. Сцяпан Шпак лічыўся адным з фаварытаў спаборніцтваў і, упэўнена правёўшы ўсе тры спробы, у другой паказаў лепшы вынік. Перасягнуць дасягненне беларуса змог толькі Уладзімір Ранзін з Расеі. Трэцяе месца заняў Эміль Рытэр з Чылі.

УЕФА можа пазбавіць Стамбул фіналу Лігі чэмпіёнаў з-за ваеннага прывітання гульцоў зборнай Турцыі

Віцэ-прэзідэнт УЕФА Мішэль Ува заявіў, што Асацыяцыя абмяркуе магчымасць пераносу фіналу Лігі чэмпіёнаў-2019/20 з Стамбула. Прычынай паслужылі святкавання галоў зборнай Турцыі, футбалісты якой ужо двойчы выкарыстоўвалі ваеннае прывітанне. Раней Міністр Францыі па справах моладзі і спорту Раксана Марасіняню запатрабавала ад УЕФА пакараць зборную Турцыі за воінскае прывітанне, якое прадэманстравалі турэцкія футбалісты падчас матчу паміж зборнымі ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2020 года.

Матч БАТЭ – „Іслач” перанесены з 2 на 3 лістапада

Дэпартамент па правядзенні спаборніцтваў БФФ задаволіў хадайніцтва барысаўскага БАТЭ і перанёс яго матч з „Іслаччу” у рамках 27-га тура. Паядынак перанесены з 2 на 3 лістапада і пройдзе на „Барысаў-Арэне”. Пачатак – у 19:45, – інфармуе афіцыйны сайт „Іслачы”.

Ангеліка Кербер датэрмінова завяршыла сезон

Нямецкая тэнісістка Ангеліка Кербер знялася з малога выніковага турніру ВТА, які пройдзе ў Чжухае на наступным тыдні. Як паведамляе Tennis Magazin, прычынай стала траўма нагі. З-за гэтага 31-гадовая немка раней не змагла выступіць на спаборніцтвах у Люксембургу. Такім чынам, Кербер датэрмінова завяршыла цяперашні сезон. На бягучы момант немка з’яўляецца 13 ракеткай свету.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя