У Гомелі адбыўся перадвыбарчы пікет дэмакратычных кандыдатаў і блогераў



На вялікім пікеце дэмакратычных кандыдатаў у Гомелі сабраліся грамадзяне, што выказваюць не толькі палітычныя патрабаванні. Сярод прысутных – і тыя, хто выступае супраць ушчыльнення забудовы, і тыя, хто абураецца недастатковай якасцю медычных паслуг. На апазіцыйны пікет прыйшлі таксама абаронцы бадзяжных жывёлаў.

– Акрамя ўсіх іншых праблем, ёсць яшчэ праблема бадзяжных жывёлаў у гэтым горадзе, на якіх ніхто ніколі не звяртае ўвагі. Яны не бяруць прыклад з заходніх краін. У нас адзіная законная рэгуляцыя бадзяжных жывёлаў – гэта забойства. Адлоў і забойства. А Гомель – гэта адзіны абласны цэнтр, дзе забойства адбываецца ў дзень адлова. Жывёлам не даюць ніводнага шанца – знайсці гаспадара, або кудысьці быць уладкаваным.

Гомельскі пікет дэмакратычных кандыдатаў, які праходзіў каля гіпермаркета па вуліцы Хатаевіча, сабраў да 300 чалавек. На сустрэчы прысутнічалі кандыдаты ў дэпутаты Уладзімір Няпомняшчых, Таццяна Канеўская, Алена Давыдава, Юлія Ганісеўская, палітыкі з Менска і іншых рэгіёнаў краіны, вядомыя блогеры Арцём Шапараў і Сяргей Ціханоўскі.

***

Гомельцы на пікеце незалежных кандыдатаў заяўляюць пра неабходнасць абараняць суверэнітэт дзяржавы і падтрымліваць беларускую мову.

Адзін з арганізатараў сустрэчы, блогер Сяргей Ціханоўскі, заяўляе, што пытанне пра незалежнасць краіны здольнае аб’яднаць беларусаў.

– Я ведаю, што ў Гомелі многія добра ставяцца да рускіх, і я таксама. Але Беларусь – гэта незалежная дзяржава. У нас ёсць свая гісторыя. І я думаю, што вы, магчыма, усе так лічыце, можа не, што Беларусь павінна быць самастойнай, незалежнай дзяржавай. Так? – Так!

Масквіч Леанід, які апынуўся на сустрэчы дэмакратычных кандыдатаў, заклікае беларусаў ні ў якім разе не аб’ядноўвацца з цяперашняй Расеяй.

– Мяне Леанідам клічуць. Я – грамадзянін Расеі. З Расеяй развіваць супрацу толькі тады, калі будуць паважлівыя адносіны з боку Расеі да іншых краін. Зараз мы бачым, перадусім, імперскую веліч. Ні Украіну, ні Прыбалтыку, ні Беларусь, як самастойныя краіны, не ўспрымаюць.

На перадвыбарчым пікеце дэмакратычных кандыдатаў у Гомелі, паводле розных падлікаў, сабралося да 300 чалавек.

***

У Гомелі праходзіць аб’яднаны пікет дэмакратычных кандыдатаў. На акцыі, анансаванай блогерамі, прысутнічаюць, паводле розных падлікаў, ад 150 да 300 чалавек.

Масавае мерапрыемства ладзіцца непадалёку ад аднаго з самых буйных гіпермаркетаў горада, таму цікавасць да сходу з боку мінакоў досыць вялікая. Адзін з арганізатараў сустрэчы, вядоўца ютуб-канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі, заклікае грамадзянаў прымаць больш актыўную пазіцыю ў жыцці дзяржавы.

– Гэтае мерапрыемства абсалютна законнае, мірнае. Мы гаворым пра нашыя праблемы. Акрамя таго, што ў нас няма сумленных выбараў, у нас няма свабоды сходаў, у нас няма яшчэ магчымасці ў судзе даказаць сваю правату, калі ты маеш рацыю, у нас няма незалежных судоў. І можа быць вы лічыце, што гэта нармальна?

– Не, канешне.

Праваабаронца Леанід Судаленка заўважае, што ў месцы правядзення схода ён інцыдэнтаў не заўважыў.

– Пікет праходзіць мірна. Тут ужо недзе больш чым 150 чалавек, ад 150 – да 200. Супрацоўнікі міліцыі не перашкаджаюць. Гараджане падыходзяць. Інцыдэнтаў ніякіх пакуль не назіраю. Даволі ў мірнай форме праходзіць гэты мірны сход.

Удзельнікі гомельскага пікета дэмакратычных кандыдатаў заяўляюць пра прэсінг у дачыненні да некаторых арганізатараў сустрэчы. У прыватнасці, 14 лістапада праваахоўнікамі прадпрымаліся спробы затрымаць блогера Сяргея Ціханоўскага. Кандыдат Алена Давыдава заяўляе пра тое, што сябры яе ініцыятыўнай групы не змаглі трапіць на пікет, паколькі былі затрыманыя міліцыяй. Па дарозе з вёскі Пакалюбічы супрацоўнікі ДАІ спынілі кандыдата-фермера Юрыя Ганцэвіча, які на трактары збіраўся даставіць гукаўзмацняльнае абсталяванне. 

***

У Гомелі праходзіць перадвыбарчы пікет дэмакратычных кандыдатаў і блогераў (аднаўляецца).

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель