„Сустрэча свабодных людзей” у цэнтры Менска (абноўлена)



 

 

Кінарэжысёр Аляксей Туровіч, выступаючы ў Менску на сустрэчы свабодных людзей, якая пачалася на Кастрычнікай плошчы і працягнулася на плошчы Свабоды, параўнаў Астравецкую АЭС і парламенцкія выбары. І там і там – непразрыстасць, ненадзейнасць, падман. І будзе адпаведны разбуральны вынік. Таму рэжысёр вельмі эмацыйна заклікаў улады, Аляксандра Лукашэнку, спыніць як будаўніцтва АЭС, так і выбары.

– Эканамічна Расеі не патрэбная Астравецкая АЭС. Беларусам таксама не патрэбная. 130 кіламетраў Менск знаходзіцца ад Астраўца. 50 кіламетраў знаходзіцца ад Вільні. Побач Польшча, Еўропа. Я прашу вас, спыніце, замарозьце гэты рэактар. Спыніце гэтыя выбары. Гэта фальсіфікацыя. Настаўнікі, метадысты, дырэктары, прашу, спыніцеся, не займайцеся злачынствам. Гэта не выбары.

На мітынгу таксама выступілі Мікалай Статкевіч, Ірына Халіп, Вячаслаў Сіўчык і іншыя. Мерапрыемства сабрала больш за 100 чалавек. У асноўным гэта была моладзь.Людзі выказвалі незадавальненне тым, як у Беларусі адбываюцца выбары і ў сваіх прамовах разважалі, як выправіць гэтую сітуацыю.

***

Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык выступіў на „Сустрэчы свабодных людзей” ў Менску, якая пачалася на Кастрычніцкай плошчы і працягнулася на плошчы Свабоды. Па словах палітыка, сёлетнія так званыя выбары аказаліся яшчэ горшымі, чым папярэднія, і на самой справе, іх інакш як выбарчай вакханаліяй не назавеш.

– Тыя лічбы, якія малююць сёлета, яны ўнікальныя. Яны паказваюць, што рэжым пайшоў у разнос і ўжо не лічыцца не толькі з апазіцыяй, не толькі з беларускім народам, нават у межах здаровага сэнсу трымацца Ярмошына і К ужо не могуць. Адзінае, што падкрэслю, што гэтая так званая выбарчая кампанія дакладна паказала, што людзі абсалютна не лічаць, што ў краіне адбываюцца выбары. Улада падвісае і ўлада сама сябе абірае.

І гэта лепш за ўсё паказваюць рэкордныя за ўвесь час назіранняў за выбарамі лічбы быццам бы яўкі людзей на датэрміновае галасаванне, – сказаў Вячаслаў Сіўчык.

***

У Менску адбылася анансаваная грамадскай ініцыятывай „Еўрапейская Беларусь” акцыя „Сустрэча свабодных людзей”. Нягледзячы на затрыманні некаторых арганізатараў мерапрыемства, яно пачалася ў 18 гадзінаў на Кастрычніцкай плошчы. Але аказалася, што там праводзяцца будаўніча-рамонтныя работы і ўстаноўка навагодняй ёлкі.

На мерапрыемства прыйшлі лідар „Народнай Грамады” Мікола Статкевіч, адзін з кіраўнікоў Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык, прадстаўнік „Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў і іншыя.

Ірына Халіп, журналістка і жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, сказала, што яна чакала нечага падобнага ад уладаў:

– Тыдзень таму ў Менску адбылася сустрэча дзеля абмеркавання новага фільма блогера Нехты «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Сустрэча прайшла тады цудоўна. І некаторыя з тых, хто сабраўся, вырашылі праз тыдзень сабрацца на Кастрычніцкай плошчы для «Сустрэчы свабодных людзей». Гэта проста цудоўная назва. І я не магла не прыйсці. Хаця, шчыра кажучы, чакала, што плошча будзе перакрытай, што штосьці яны прыдумаюць. Але да Новага году я ніяк дайсці не магла, нават са сваёй вельмі развітай фантазіяй.

З-за рамонтных работ і шуму пратэстоўцы перайшлі на плошчу Свабоды, дзе была запланавана перадвыбарчая сустрэча кандыдата ў дэпутаты Алены Талстой з выбарцамі. Там мітынг працягнуўся. У ім прынялі ўдзел каля 100 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя