Прададзены будынак касцёла, у якім хрысцілі бацьку Янкі Купалы
На электронных таргах прададзены касцёл XVIII стагоддзя ва Уздзе, у якім хрысцілі бацьку Янкі Купалы, – паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Беларускую ўніверсальную таварную біржу.
Галоўная славутасць Узды – былы Крыжаўзвіжанскі касцёл, быў пабудаваны ў 1798-м годзе. Гэты неагатычны двухпавярховы касцёл вядомы тым, што ў ім у 1843 годзе быў ахрышчаны бацька Янкі Купалы. З канца 50-х гадоў XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся як раённы цэнтр культуры, у гэтым статусе ён і быў выстаўлены на таргі.
На пошукі пакупніка ў гарадскіх уладаў пайшло больш за 3 гады. Новым уладальнікам стаў мясцовы жыхар, які быў адзіным удзельнікам аўкцыёну. Касцёл быў прададзены за 27 тысяч рублёў. Разам з будынкам пакупнік атрымаў права арэнды на зямельны ўчастак плошчай 0,3973 га на 99 гадоў.
Цяпер новаму ўласніку трэба цягам двух бліжэйшых гадоў правесці рэканструкцыю былога храма з захаваннем знешняга аблічча і гісторыка-стылістычных асаблівасцяў будынка. Пры гэтым ўладальнік мае права змяніць мэтавае прызначэнне нерухомасці.
Фота et.butb.by