Беларусь адмовіцца ад выпуску біядызельнага паліва
Беларусь з 2020 года адмовіцца ад выпуску біядызельнага паліва. Пра гэта заявіў старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў. Адмова ад вытворчасці біядызелю абмяркоўвалася на яго сустрэчы з калектывам прадпрыемства „Магілёўхімвалакно”. Рыбакоў гаварыў пра тое, што ў новай сітуацыі „ўмовы выканання паказчыкаў для прадпрыемства будуць дастаткова няпростымі”.
Як інфармуе interfax.by, вытворчасць біядызельнага паліва стратная. Ёй займаецца тры прадпрыемствы „Белнафтахіма” — згаданае „Магілёўхімвалакно”, „Белшына” і „Азот”. Гэтае паліва сельгаспрадпрыемствам прадавала „Беларуснафта”. Адмаўляюцца ад яго „ў мэтах падвышэння эфектыўнасці вытворчасці”. Біядызельнае паліва ў нашай краіне выпускалі з 2010 года. Меркавалася, што яно дапаможа зменшыць аб’ёмы перапрацоўкі нафты і зэканоміць для бюджэта каля 100 мільёнаў даляраў.
Фота adt.by