Габрыэля Пузыня. Вяртанне на Радзіму
Выбітная беларуская польскамоўная пісьменніца ХІХ стагоддзя Габрыэля Пузыня вяртаецца на Радзіму. Летась намаганнямі паэткі, літаратуразнаўцы і перакладчыцы Ірыны Багдановіч выйшаў першы яе зборнік вершаў у беларускіх перакладах «Струмень любові».
А сёлета ў лістападзе на касцёле Божага Цела ў мястэчку Беразінскае з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніцы. У адкрыцці дошкі ўдзельнічала і Ірына Багдановіч:
– Чым больш яе чытаю, тым больш хочацца, каб мае сучаснікі гэта пачыталі. Кніжачку вершаў удалося выдаць, 25 вершаў. Але яе літаратурная спадчына, канешне, значна большая. І проза, апавяданні. Яны напоўненыя святлом вялікай любові.
Графіня Габрыэля з Гюнтэраў Пузыня нарадзілася ў Вільні, жыла ў бацькоўскім маёнтку Дабраўляны былога Смаргонскага павету. З 1851 года, выйшаўшы замуж за князя Тадэвуша Пузыню, Габрыэля жыла ў ягоным маёнтку Гарадзілава (цяпер гэта мястэчка Беразінскае Маладэчанскага раёну). Дзе памерла ў 1869 годзе і была пахаваная. На жаль, яе магіла не захавалася.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота catholic.by