Петыцыя за змены ў выбарчым заканадаўстве



Цягам месяца сабраць 50 тысячаў подпісаў. Прадстаўнікі апазіцыі перакананыя, выбарчае заканадаўства ў Беларусі трэба мяняць. Тое, якое дзейнічае зараз, не забяспечвае празрысты працэс галасавання і тым больш сумленнага падліку галасоў. „Улады кажуць, што людзі задаволеныя выбарамі. Так яны сябе пераконваюць, што ніякіх зменаў не патрабуецца. Давайце пакажам, што гэта не так”. Лічаць у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і прапануюць падпісаць адмысловую петыцыю. Кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

– Хочам паказаць, што грамадзяне Беларусі не лічаць сённяшнюю сітуацыю прымальнай. Людзі не згодныя. Які галоўны аргумент улады і той жа Лідзіі Ярмошынай? Яна кажа, што людзі ўсім задаволены. Трэба паказаць, што нас шмат, аказаць грамадскі ціск на ўладу. Вось гэта адзіны сродак, каб да нас прыслухаліся. Там, дзе людзі аб’ядноўваюцца, улада ідзе на саступкі, рана ці позна.

Петыцыю «За сумленныя выбары! У падтрымку прыняцця зменаў у Выбарчы кодэкс», палітыкі БХД распаўсюджваюць на сваім сайце і ў сацыяльных сетках. Таксама яе выклала на сваёй старонцы дзейны дэпутат парламента Ганна Канапацкая, якая паведаміла, што стары склад парламента не збіраецца разглядаць яе прапановы па зменах выбарчага заканадаўства.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя