Міжнародны дабрачынны праект “Хвалі дабрыні” прыехаў у Беласток



10 карцін, створаных з удзелам дзетак з Гарадзенскага хоспісу, што раней выстаўляліся ў Беларусі і Літве, цяпер можна ўбачыць у Беластоку.

Мэта праекту – сабраць сродкі на медыцынскае абсталаванне, якое палепшыць якасць жыцця хворых дзяцей ў Гарадзенскім хоспісе. Але перадусім і падараваць шчаслівыя моманты творчасці хворым дзеткам, кажа каардынатарка праекту Наталля Паўленка:

Мы хацелі зрабіць праект-дзейнасць. Каб дзеці самі паспрабавалі ўсё гэта стварыць. У нас была вельмі фантастычная пляцоўка «Кронан Парк Гатэль», сапраўдныя палотны, сапраўдныя фарбы, сапраўдныя мастакі, вядомыя ў Гародні  і за яе межамі. І вось яны прыйшлі стварыць свята. І яны яго стварылі.

Карціны ствараліся камандамі, у складзе кожнай было дзіцё з хоспісу, прафесійны мастак і дыпламат – консул з Польскай альбо Літоўскай амбасады ў Гародні. Дарослыя толькі дапамагалі з’явіцца на палатне дзіцячым уражанням пра дабрыню і прыгажосць навакольнага свету. Кажа мастачка Вольга Бухоўка: 

-На пачатку было трохі боязна пачаць маляваць у тры рукі. Потым неяк усё зладзілася. І хлопчык так смела ўзяў усе мае колеры, выціскаў на палітру, вялікім пэнзлем пачаў махаць. Я не паспявала за ім. Такія акцыі павінны найчасцей праходзіць. Сапраўды, дзеці акунуліся ў свята. Ён у канцы працы падышоў да мяне, пацалаваў у шчаку і сказаў: «Дзякуй вам вялікі, гэта сапраўды была як казка для мяне!»

Выставу можна наведаць у галерэі «Новы свят» да 7 снежня. Фіналам праекту «Хвалі дабрыні» стане аўкцыон, які адбудзецца ў Гародні 18 снежня. Паўдзельчаць у ім можна будзе і праз інтэрнэт.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя