Алеся Луцкевіч: Пра Івана Луцкевіча я ведала з самага дзяцінства



Сёлета ў Беларусі і Літве прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю з дня смерці ініцыятара абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Івана Луцкевіча. Былі наладжаны адмысловыя імпрэзы і выставы, у тым ліку ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы ў Менску і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні.

Удзячнасць за гэтую памяць выказала ўнучка Антона Луцкевіча Алеся Луцкевіч:

– Сапраўды, 100 год прайшло з дня смерці Івана. І да сёння гэтая памяць захоўваецца. Я ведала пра Івана з самага дзяцінства. У нашай кватэры заўсёды стаяў бюст скульптара Яхімовіча, і я ведала ад таты вельмі шмат. Але даведацца пра тое, якая гэта была вялікая асоба і колькі ён зрабіў для Беларусі, для захавання гістарычнай памяці Беларусі, гэта я зразумела, калі ўжо зрабілася дарослай.

Іван Луцкевіч – пачынальнік беларускага нацыянальнага руху. Брат Антона Луцкевіча. Адзін з заснавальнікаў першай беларускай партыі «Беларуская сацыялістычная грамада» і адной з першых беларускіх газет «Наша Ніва». Памёр у Закапанэ ў 38-гадовым узросце.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя