Афіцыйныя звесткі пра яўку на выбары завышаныя больш чым удвая
Афіцыйныя дадзеныя аб яўцы на выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, апублікаваныя Цэнтравыбаркамам па выніках чатырох дзён датэрміновага галасавання, завышаныя больш чым удвая. Гэта вынікае з заяваў нацыянальнага каардынатара кампаніі назірання „Права выбару” Алеся Сілкова 16 лістапада падчас анлайн-брыфінгу, які трансляваўся на афіцыйнай старонцы кампаніі ў „Фэйсбуку”.
Ён нагадаў, што ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а таксама Мінску і Бабруйску прадстаўнікі кампаніі „Права выбару” ажыццяўляюць татальнае назіранне на ўсіх 319 выбарчых участках дзевяці акругаў. Усяго ў Беларусі 110 акругаў — па колькасці абіраных дэпутатаў ніжняй палаты парламента.
Такім чынам, калі грунтавацца на дадзеных па тых акругах, дзе „Права выбару” вядзе пастаяннае назіранне, то, паводле слоў Сілкова, сярэдняя яўка за чатыры дні датэрміновага галасавання па ўсёй краіне „выкрышталізоўваецца на ўзроўні 12%”, у той час як Цэнтрвыбаркам рапартуе пра 27,5%.
„Нават гэтыя 12% яны робяць усялякімі накруткамі, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці. А калі аб`яўленая яўка на ўзроўні 27,5%, выбары робяцца проста істэрычнымі”, — сказаў нацыянальны каардынатар назіральнай кампаніі. Ён растлумачыў, што гэта выяўляецца ў змене паводзін выбарчых камісій, іх стаўленні да апазіцыйных кандыдатаў і незалежных назіральнікаў.
„Улады разумеюць, што рэальную яўку на выбары ім немагчыма зрабіць, — заявіў нацкаардынатар кампаніі „Права выбару”. — Пачынае павялічвацца колькасць участкаў, дзе ёсць несупадзенне колькасці прагаласаваўшых паводле падлікаў назіральнікаў, і лічбаў, адлюстраваных у пратаколах. Першыя два дні такіх участкаў з 319 [назіраных кампаніяй] было каля 30%. Цяпер гэта стала павальна. Гэта значыць дадзены загад — павінна быць яўка, як у сярэднім па Беларусі. І кожны старшыня камісіі пачынае прыдумляць, як яму гэта зрабіць”, — падсумаваў Сілкоў.
Кампанія назірання „Права выбару” сфарміраваная васьмю палітычнымі і грамадскімі структурамі: Аб`яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Беларускай партыяй „Зялёныя”, Партыяй БНФ, аргкамітэтамі па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Партыі свабоды і прагрэсу, рухам „За Свабоду” і незалежным прафсаюзам РЭП.
Датэрміновае галасаванне стартавала 12 лістапада і будзе доўжыцца да 16 лістапада. Выбарчыя ўчасткі адкрытыя з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.
Асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання — 17 лістапада. У гэты дзень участкі будуць працаваць з 8.00 да 20.00.