У Беларусі завершыўся асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах



Фотафакт: Выбары ў Гародні

Фота Сяргея Апановіча

***

У Гародні працягваецца выбарчы дзень. У Палату прадстаўнікоў прэтэндуюць 20 чалавек, сярод якіх сямёра прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і ідэяў. Незалежныя назіральнікі ў днях папярэдняга галасавання з 12-га па 16-га лістапада канстатуюць факты накруткі галасоў, і выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для таго, каб колькасць выбарцаў забяспечыла 30 % яўку да дня выбараў.

Выбарцы заўважаюць, што праз малую колькасць агітацыйных матэрыялаў на вуліцах, ім цяжка зарыентавацца за каго галасаваць. Хоць некаторыя ведаюць:

– Буду галасаваць за Ж., бо ўпэўнілася ў тым, што гэта чалавек канкрэтны, які сапраўды дапамагае людзям і не «бросает слов на ветер», то бок, думаю, што гэты чалавек заўжды на патрэбным месцы будзе выконваць вельмі добра свае абавязкі. І, калі б былі ўсе такія, як яна, на патрэбных месцах, то ў нас краіна б змянілася.

Да абеду, колькасць тых, хто мае жаданне прыйсці і прагаласаваць у Гародні малая. Павелічэнне колькасці выбарцаў чакаецца пасля 14 – ай гадзіны. За працэсам галасавання маюць назіраць валанцёры – назіральнікі ад незалежных кампаніяў.

Кажа назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель:

– Наша мэта – гэта прыйсці ў нядзелю на падлік галасоў, таму што ўдзельнічаць татальна ўсе 6 дзён – гэта немажліва фізічна, бо людзі працуюць. А раней гэта не давала сэнсу: калі ў назіральніка 60 чалавек прайшло за дзень, а ў пратаколе – 180 і даказаць гэта немажліва, таму што пракуратура і вышэйстаячыя камісіі адказваюць адпіскамі.

Колькасць назіральнікаў у дзень галасавання на ўчастках будзе большая як за сто чалавек. І гэта на 138 выбарчых участкаў. Назіральнікі заўважаюць, што ў адной з выбарчых акругаў – акрузе нумар 52 апазіцыйных кандыдатаў існай уладзе няма. Але і там ёсць незалежныя назіральнікі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

***

Асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах – актывізацыя назіральнікаў па ўсёй Беларусі. Ад кампаніі «Права Выбару-2019», якая аб’ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур – на ўчасткі для галасавання выйшлі больш за 600 незалежных назіральнікаў. Папярэднія назіранні сведчаць, што ў Беларусі адсутнічае станоўчая тэндэнцыя ў працэсе правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.

Задача назіральнікаў – фіксаваць парушэнні, кажа Аляксей Янукевіч з кампаніі «Права выбару 2019»:

– Безумоўна, у сам дзень галасавання адбываецца падлік. У назіранні, у тым ліку, гэты дзень адрозніваецца прынцыпова, таму што парушэнні назіраюцца цягам усяго працэсу. Але найбольш масавыя, найбольш такія жорсткія і брутальныя парушэнні ў папярэдніх кампаніях мы якраз, назіральнікі кампаніі «Права выбару», бачылі і фіксавалі менавіта ўжо падчас падліку галасоў і ўсіх працэдураў, звязаных з апрацоўкай бюлетэняў.

З 1996 года ніводныя выбары не прызнаваліся міжнароднай супольнасцю. У часе датэрміновага галасавання назіральнікі з «Права выбару» зафіксавалі больш за 353 парушэнні рознага кшталту. Пераважна, не забяспечанае належнае захоўванне скрыні датэрміновага галасавання (37.96%) ды неадпаведнасць колькасці.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

У Беларусі пачаліся выбары ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. У Гародні для грамадзянаў адчыненыя 138  выбарчых участкаў. Гарадзенцы могуць там прагаласаваць з восьмай раніцы да восьмай вечара. Большая частка выбарчых участкаў месціцца ў навучальных установах.

З Гародні паведамляе наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:

– Паводле назіральнікаў «Праваабарнцы за свабодныя выбары», з 20 кандыдатаў на чатыры акругі Гародні выстаўлена 7 дэмакратычных кандыдатаў. Раней, з аўторка 12 лістапада, праходзіла датэрміновае галасаванне, у якім прынялі ўдзел каля 30% выбарцаў ад усяго абласнога цэнтра. Назіральнікі ад кампаніі «Права выбару», «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заўважылі, што праўладнымі кандыдатамі актыўна ўжываўся адміністрацыйны рэсурс з рознымі спосабамі ціску на студэнтаў, служачых, якія прынятыя на працу па кантракце.

Беларускае Радыё Рацыя