Вільня прапануе Еўразвязу і Украіне не купляць электраэнергію з беларускай АЭС



Чальцы фракцыі «Саюз Айчыны – Хрысціянскія дэмакраты Літвы» ў Сойме ўзрадаваліся, што парламенцкі камітэт па справах Еўропы звярнуў увагу на Беларускую атамную электрастанцыю піша Sputnik.

«Галоўны камітэт Сойма, які разглядае мандаты на пазіцыі Літвы ў радзе Еўразвязу, яшчэ раз пацвердзіў, што мы ўсе разам у маштабах ЕЗ павінны імкнуцца не купляць электраэнергію з небяспечных рэактараў, як неаднаразова заклікаў прэзідэнт Літвы», – цытуе лідара кансерватараў Габрыэлюса Ландсбергіса прэс – служба Сойма. Таксама палітык нагадаў пра абмеркаванне на мінулым тыдні сітуацыі з БелАЭС лідарамі скандынаўскіх і балтыйскіх правацэнтрысцкіх партый Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), якія па выніках перамоў прызналі «пагрозу» ад атамнай станцыі пад Астраўцом у Гарадзенскай вобласці.

Раней камітэт Сойма па справах Еўропы прапанаваў МЗС Літвы падпісаць ясны і недвухсэнсоўны зварот да Еўракамісіі і ўсім краінам – удзельніцам Еўразвяза, каб калектыўна заблакаваць доступ на еўрапейскі рынак электраэнергіі з БелАЭС. Акрамя краін, якія ўваходзяць у Еўразвяз, Вільня плануе звярнуцца да Украіны, каб тая таксама адмовілася ад закупак энергіі з БелАЭС, і да ЗША.

Беларускае Радыё Рацыя