Былы галоўны інжынер берасцейскага філіяла «Белпошты» атрымаў 6 гадоў
У Берасці абвясцілі прысуд былому галоўнаму інжынеру філіяла «Белпошты», які абвінавачваўся ў карупцыі, паведамілі TUT BY у абласным судзе. Мужчыну прызналі вінаватым у атрыманні хабару паўторна ў буйным памеры. Яму прызначылі 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і забаранілі на пяць гадоў займаць пэўныя пасады. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Былога галоўнага інжынера філіяла «Белпошты» затрымалі ў канцы лютага ў момант атрымання хабару ў службовым кабінеце. За спрыяльнае вырашэнне пытання аб правядзенні будаўнічых работ галоўны інжынер прадпрыемства атрымаў ад дырэктара адной з фірмаў 200 рублёў, паведамляла Міністэрства ўнутраных спраў.
Пазней было выяўлена яшчэ некалькі эпізодаў: прадстаўнікі розных камерцыйных структур, якія ўдзельнічаюць у тэндарах, плацілі галоўнаму інжынеру ад 3 да 6% ад сум выкананых работ. Сумы хабараў вар’іраваліся ад тысячы да 10 тысяч рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя