Ярмошына: Выбары ў парламент адбыліся ва ўсіх акругах. Яўка склала 77%
Выбары ў парламент адбыліся ва ўсіх 110 акругах, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”. Яўка на парламенцкіх выбарах у Беларусі склала 77%. Такую інфармацыю агучылі ў эфіры АНТ са спасылкай на ЦВК.
Разам з тым яна адзначыла, што ЦВК пакуль не мае дакладных дадзеных па яўцы на момант закрыцця выбарчых участкаў у 20.00. Гэтая інфармацыя, паводле яе слоў, павінна паступіць да паўночы і будзе абнародаваная на прэс-канферэнцыі ў 00.30.
„Таму застаюцца лічбы па тых, хто прагаласаваў, на 18.00. Іх, вядома, больш, таму што ўсе выбарчыя акругі зрабілі справаздачу, што выбары адбыліся”, — сказала Ярмошына.
Нагадаем, па стане на 18.00 яўка выбаршчыкаў на выбарах у ніжнюю палату парламента склала 70,72%.
Паводле дадзеных ЦВК, на той момант у Магілёўскай вобласці прагаласавала 77,63% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 76,32%, Гомельскай — 74,18%, Менскай — 71,9%, Гарадзенскай — 72,36%, Берасцейскай — 69,33%, у Мінску — 58,76%.
belapan.by